Чарговую класную гадзіну мы прысвяцілі неабходнасці асобнага збору смецця. Спачатку ўдзельнікам мерапрыемства прапанавалі размеркаваць стос адышоўшых у нябыт рэчаў: спісаную паперу, пашкоджаныя яблыкі, пустыя пластыкавыя бутэлькі, вечкі ад ёгуртаў… Вучні адразу ўзгадалі пра жоўта-сіне-зялёныя кантэйнеры для збору адыходаў і аддзялілі макулатуру, шкло, пластык, змешанае смецце.
Вечкі ад пластыкавых ёмістасцей трэба збіраць асобна, а не выкідваць у звычайны пластык, бо яны складаюцца са спецыфічнага матэрыялу. І адрозніваюцца не столькі колерам, колькі маркіроўкай, якая таксама неверагодна важная.
Потым прагледзелі карысную прэзентацыю пра «чароўныя» якасці рознакаляровых кругляшоў. Напрыканцы вырашылі прыняць удзел у рэспубліканскай акцыі «Вечкі ў абмен на жыццё», якая дапамагае хворым дзецям. Цяпер перад тым як выкідваць бутэльку, кожны вучань здымае корак і адпраўляе яго па назначэнні.
Таццяна Аляксандраўна БАТУРА, класны кіраўнік 8-га класа.
Гродзенскі раён, Навасёлкаўская базавая школа.