Дзень настаўніка, які адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка, у Пархімаўскім яслях-садзе – базавай школе Бераставіцкага раёна з нецярпеннем і хваляваннем чакаюць не толькі педагогі, але і навучэнцы. Па традыцыі напярэдадні гэтага свята ў нашай школе праходзіць Дзень самакіравання: хлопцам і дзяўчатам прадастаўляецца магчымасць правесці ўрокі і адчуць сябе ў ролі педагога.
І вось наступіў доўгачаканы дзень. Настаўнікі нібы трапілі ў казачную краіну. Іх сустракалі старшакласнікі з віншаваннямі і добрымі пажаданнямі.
Звініць доўгачаканы званок… Надыходзіць цішыня, ідуць незвычайныя ўрокі. Па калідорах праходзіць юны дырэктар, яна строга і ўважліва сочыць за парадкам як на ўроках, так і на перапынках. Дар’я Казак, у ролі дырэктара школы, пераконваецца, што ўрокі праходзяць у добразычлівай абстаноўцы, а значыць, у школе ўсё ідзе сваёй чаргой.
Навучэнцы адзначылі, што дзякуючы Дню самакіравання яны атрымалі магчымасць адчуць сябе дарослымі і адказнымі за свае рашэнні, а таксама зразумелі, наколькі нялёгка бывае арганізоўваць і матываваць дзяцей, якія сядзяць за партамі, на атрыманне ведаў. Усе атрымалі сапраўднае задавальненне ад таго, што змаглі прымерыць на сябе нялёгкую, але цікавую, творчую, займальную прафесію настаўніка.
Паважаныя настаўнікі! З цудоўным святам – Днём настаўніка! Хочацца пажадаць Вам моцнага здароўя, жыццёвай гармоніі, добрага настрою і бясцэнных скарбаў у штодзённым творчым пошуку!
Святлана Анатольеўна ВОЙШЭЛЬ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.
Бераставіцкі раён,
Пархімаўскі ясля-сад–базавая школа.