У госці да Радзівілаў

Из нашей почты Новости

Нясвіж і сёння называюць «сталіцай некаранованых каралёў Вялікага княства Літоўскага». Аб знаёмстве з гісторыка-культурнай спадчынай, якую пакінулі нам Радзівілы, вучні задумалі ўжо даўно, і вось планы здзейсніліся.

Шлях да Нясвіжа прайшоў праз гарады і мястэчкі, аб якіх вучні пачулі розныя факты з гісторыі і цікавыя паданні. А гэта Бярозаўка, Навагрудак, Карэлічы, Мір і іншыя.

Першым аб’ектам знаёмства ў Нясвіжы стаў нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», які ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дарога да палаца Радзівілаў, які акружаны ланцугом азёр і паркаў, адразу перанесла нас у час, калі там жылі яго гаспадары. Падчас наведвання палацу увесь час здавалася, што вось-вось выйдзе хтосьці з вяльможных асоб роду Радзівілаў, прывітае нас уласна і працягне экскурсію па пакоях велічнага палаца.

Пасля знаёмства з гісторыяй палаца і жыццём княжацкага роду, наведалі Стары парк, дзе прыемна ў спякотны дзень пагуляць ў прахалодзе. Юныя турысты ўбачылі скульптурныя кампазіцыі, алею выбітных асоб, якія ўнеслі значны уклад у развіццё горада ў розныя часы, а сёння памяць аб іх увекавечана ў бюстах.

Васьмікласнікі таксама наведалі касцёл Божага Цела, пабудаваны ў 1587-1593г. ў стылі барока, дзе сёння знаходзіцца крыпта княжацкага роду Радзівілаў. А недалёка ад касцёла, ў скверы, ўстаноўлены ў 1982 годзе помнік Сымону Буднаму, каб нагадаць усім гасцям горада, што менавіта ў Нясвіжы беларускі асветнік займаўся выдавецкай дзейнасцю. З яго ўдзелам у 16 стагоддзі была заснавана тыпаграфія, дзе выйшла першая на беларускіх землях кніга “Катэхізіс” у форме пытанняў і адказаў.

Наступным аб’ектам знаёмства стаў будынак  нясвіжскай ратушы. Гэта, як даведаліся школьнікі, адна са старажытных ратуш Беларусі, якая адлічвае сваю гісторыю з 1596 года. Сёння, пасля рэстаўрацыі помніка архітэктуры, які таксама ўваходзіць у спіс аб’ектаў нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, тут знаходзіцца музей “Гарадское самакіраванне Нясвіжа XVIII — першай паловы XIX стагоддзяў”. Вежу ўпрыгожваюць гарадскія часы, а вакол размясціліся гандлёвыя рады.

Не менш цікавым было знаёмства з гарадской Слуцкай брамай, узведзеная яшчэ ў 16 стагоддзі, помнікам барока. Гэта адзіная сёння з пяці брам, якая захавалася да нашага часу.

Вяртаючыся ад брамы ў цэнтр горада, мы зазірнулі ў невялікі сквер каля фантану. Нашу ўвагу прыцягнуў цар жывёл – леў, які горда ўзнёсся на  п’едэстале і адною лапаю трымае герб Нясвіжа. Знізу на мемарыяльнай шыльдзе размешчаны запісы аб значных падзеях у гістарычным развіцці горада.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік 8-га класа «Б».

г. Ліда, школа № 11.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *