Ласкавая, пяшчотная, напеўна-мілагучная мова беларуская мая…

Из нашей почты Новости

З радасцю далучыліся вучні Беліцкай школы да святкавання Дня роднай мовы. Дарэчы адзначу, што вясковыя школы не губляюць сувязь з роднай мовай, вывучаючы ўсе прадметы менавіта на ёй. Таму піянеры і акцябраты піянерскай дружыны імя М. К. Фешчанка Беліцкай школы пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Наталлі Сцяпанаўны Губарэвіч, вырашылі адзначыць гэты дзень, прадуктыўна і з размахам.

Усе жыхары нашай дружнай школьнай краіны прынялі актыўны ўдзел у акцыі «Размаўляем на роднай мове». Арганізаваная бібліятэкарам Людмілай Іванаўнай Пятроўскай выстава кніг, газет і часопісаў «Наша мова – самая пявучая», пазнаёміла з навінкамі беларускай літаратуры. Персанажы Міхаіл і Ганна (Ягор Радзько і Ульяна Барташэвіч) прапанавалі прысутным беларускія загадкі, народныя гульні «Ручаёк», «Трэці лішні», «Нос, нос, далонь» і многія іншыя, у якіх з захапленнем прынялі ўдзел усе, ад мала да вяліка. Эрудытам прапаноўвалі сабраць пару « Рускі – беларускі». Прывабіла ўвагу ўдзельнікаў свята гульня «Цягні паперку – атрымай цукерку». Ганна і Міхаіл далі магчымасць праверыць свае веды беларускай мовы, а калі чалавек даваў станоўчы адказ, то ў якасці ўзнагароды частавалі смачнай цукеркай. Другі год запар на свяце мовы праводзіўся «Літаратурны чэлендж». За тыдзень быў абвешчаны паэт, з вершамі якога вучні будуць прымаць удзел у прапанаваным мерапрыемстве. У гэтым годзе гучалі вершы Петруся Глебкі. Настаўнікі школы далучыліся да акцыі «Пішам пад дыктоўку разам». Завяршылася святкаванне музычным прадстаўленнем, дзе са сцэны кожны жадаючы змог заспяваць песню на беларускай мове. Прыгожыя галасы Веры Масла, Кіры Цюрынай, Ксеніі Васько, Надзеі Салыга, Наталлі Губарэвіч, напаўнялі школу водарам беларускіх мелодый.

Іна Анатольеўна ВАЙЦЕХОЎСКАЯ,

настаўнік мастацтва.

Лідскі раён, Беліцкая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *