І зноў перамога!

Из нашей почты Новости

Прыемна дзяліцца з сябрамі цудоўнымі навінамі. Таму хачу расказаць пра валейбольную каманду дзяўчынак з Беліцкай школы Лідскага раёна, бо пачатак новага года для іх вельмі знакавы. Але аб усім па парадку. І эмоцыі цераз край! І зноў перамога! І зноў доўгачаканае першае месца. Раённыя спаборніцтвы па валейболу – і мы ў ліку пераможцаў. Высокую планку ў валейболе дзяўчынкі нашай школы трымалі і раней, але ў гэтым годзе, пасля аб’яднання школ, каманда папоўнілася добрымі ігракамі.

Дзяўчаты з нашай каманды, каманды сельскай школы – пераможцы! Вакол шчаслівыя твары сяброў па камандзе, групы падтрымкі, віншаванне настаўніка фізічнай культуры, трэнера каманды дзяўчынак Лайкевіч Марыны Янаўны. На працягу ўсёй гульні яна не толькі натхняла, але і пільна сачыла за кожнай падачай і перадачай мяча, каб у працэсе работы выпраўляць, дэтальна адпрацоўваць, замацоўваць навыкі, якія патрэбныя для дасягнення жаданай перамогі.

…Але ўсё гэта потым, заўтра… Часы і дні трэніровак, разбор і вывучэнне прыгожых камбінайцый і работа, работа, работа над сабой. А сёння – перамога! Хочацца, каб усе ведалі імёны нашых дзяўчынак: капітан каманды Сурвіла Дамініка, Урбановіч Таццяна, Беляк Вольга, Цюрына Кіра, Закрэўская Ангеліна, Карповіч Дзіяна, Анагіева Саміра, Урбановіч Вольга, Гур’ян Мілена. Сціплыя, мілавідныя,нават хрупкія дзяўчынкі – цвет валейболу Лідскага раёна!

2023 год, Год міру і стварэння ў Беларусі, прынёс валейбольнай камандзе дзяўчынак другую перамогу запар. 11 лютага на турніры сярод школ Лідскага раёна, прысвечанага памяці героя-разведчыка В.А. Рыбіноўскага, таксама 1 месца!  І гэта знакава! Мы за мір і супраўніцтва, за сяброўскія сустрэчы на спартыўных пляцоўках, а перамогі хай будуць толькі спартыўнымі! З радасцю далучаюся да віншавання каманды дзяўчынак. Некаторыя з іх  у хуткім часе стануць выпускнікамі, яны сумяшчаюць выдатныя поспехі ў фізічнай культуры з добрымі  станоўчымі ведамі па ўсіх  школьных прадметах. Добрай вам дарогі, мірнага неба над галавой, няхай толькі святочныя салюты азараюць ваша падарожжа ў вялікае жыццё! Працягвайце свой пераможны шлях! 

Іна Анатольеўна ВАЙЦЕХОЎСКАЯ,

настаўнік мастацтва.

Лідскі раён, Беліцкая школа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *