Мова родная – мова модная!

Из нашей почты Новости

Родная мова… Якая яна прыгожая, мілагучная, модная! Колькі любові, шчырасці, адкрытасці ў родных словах… Кожны год вучні, настаўнікі, бацькі школы № 7 г. Навагрудка чакаюць Дзень роднай мовы. І вось свята прыйшло!

Раніцай вучняў і педагогаў сустракалі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах, якія не толькі віншавалі са святам, але і дарылі паштоўкі, салодкія пачастункі. Пачаўся дзень з квэст-гульні «Мова мая загадкавая» для вучняў 6-х, 8-х класаў.

Цікавыя і змястоўныя заданні садзейнічалі не толькі фарміраванню ў дзяцей павагі і любові да роднай мовы, але і ўзбагацілі іх новымі ведамі, далучылі да духоўнай спадчыны нашага народа.

Гульня прайшла весела, цікава, пазнавальна. Навучэнцы школы прадэманстравалі сваю кемлівасць, эрудыцыю. А калі на выхадзе яшчэ і вынеслі пару арыгінальных беларускіх слоў, данеслі іх дадому, расказалі бацькам, то, напэўна, запомнілі, што мы – беларусы. Што мы – самабытны, таленавіты народ.

Настаўнікі і вучні 3-х класаў удзельнічалі ў квэст-гульні «Збяры Беларусь у сваім сэрцы», а вучні 4-х класаў былі заняты ў конкурснай праграме «Залацінкі народнай мудрасці». Падчас мерапрыемстваў вучні далучыліся да вытокаў беларускай народнай культуры праз вусную народную творчасць, дазналіся шмат новага пра гісторыю і культуру нашага народа, пра яго духоўную і гістарычную спадчыну. Усім было цікава і пазнавальна. Будзе пра што расказаць сваякам і сябрам.

Для вучняў 7-х класаў прайшоў інтэлектуальны турнір «Таямніцы роднай мовы». Падчас мерапрыемства ўдзельнікі разгадвалі крыжаванку, да рускіх слоў падбіралі беларускія адпаведнікі, тлумачылі беларускія прыказкі і фразеалагізмы. Мерапрыемства садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага запасу вучняў, далучыла іх да таямніц роднай мовы.

Для вучняў 9-х класаў была праведзена віктарына «Моўныя самацветы». Удзельнікі мерапрыемства атрымалі магчымасць не толькі актуалізаваць веды пра фразеалогію як раздзел мовазнаўства, але і выканаць інтэрактыўныя заданні на вызначэнне фразеалагізмаў, суаднесенасць фразеалагізмаў і іх значэнняў, сінінімію дадзеных лексічных адзінак, а таксама творчае заданне па рабоце з тэкстамі.

Заданні прапаноўваліся на розныя ўзроўні складанасці. Усе ўдзельнікі справіліся «на выдатна»!

А вучні 11-га класа «А» падрыхтавалі тэатральную пастаноўку п’есы класіка беларускай літаратуры Міхася Чарота «Мікітаў лапаць». Гледачы – настаўнікі і вучні школы – ацанілі артыстычныя здольнасці юных акцёраў дружнымі воплескамі і кампліментамі, якімі шчодра асыпалі выканаўцаў.

Алена ХАЦІНОЎСКАЯ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры ,

г. Навагрудак, школа № 7.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *