Выхаваць маленькага чалавека – задача даволі складаная. Яна патрабуе вялікіх намаганняў і часу. Пачынаць выхоўваць ветлівасць і прывіваць базавыя правілы этыкету неабходна змалку. Толькі так дзіця можа засвоіць комплекс складаных навук. Астравецкая дзіцячая бібліятэка дэталёва занялася вывучэннем гэтага пытання і нават распрацавала цікавы культурна-пазнавальны праект «Школа ветлівых навук», галоўнай задачай якога з’яўляецца далучэнне дзяцей да этыкету і ветлівасці.
Праект утрымлівае ў сабе цэлы комплекс пазнавальных праграм па розных накірунках этыкету і разлічаны на тое, каб павысіць цікавасць да пытанняў культуры.
Некаторы час таму выхаванцы дзіцячага сада № 3 г. Астраўца завіталі ў дзіцячую бібліятэку, каб далучыцца да правіл ветлівасці культуры. Супрацоўнікі бібліятэкі чакалі іх загадзя з падрыхтаванай праграмай «Мы ідзём у госці». У простай і даступнай форме бібліятэкары тлумачылі дзецям базавыя правілы гасціннасці. Пагутарылі і аб правілах паводзін у гасцях. Праз адказы на пытанні дзеці ўзнаўлялі веды, а таксама атрымлівалі новую інфармацыю. Дапамаглі разабрацца з пытаннямі этыкету і казачныя героі. Выхаванцы дзіцячага сада пазнаёміліся з выхаваўчым мультфільмам «Вінні-Пух ідзе ў госці», многія сцэны якога выклікалі ўсмешку. Дзеці аналізавалі паводзіны галоўнага героя, імкнуліся выказаць сваю пазіцыю па кожным пытанні.
Як вядома ў бібліятэцы працуе «Тэатр чароўных лялек» і ўжо некалькі месяцаў радуе сваімі пастаноўкамі маленькіх гледачоў. Самым актыўным удзельнікам у гэты раз прапанавалі самім прыняць удзел у інсцэніроўцы агульнавядомай казкі «Калабок». У канцы мерапрыемства былі падведзены вынікі і праведзена рэфлексія. Мерапрыемства не толькі падаравала дзецям станоўчыя эмоцыі і пазітыўны настрой, але і стварыла ўмовы для засваення новых правіл, без якіх немагчыма жыццё культурнага чалавека.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.