Прававое выхаванне трэба пачынаць як мага раней, прыцягваць дзяцей і падлеткаў да вывучэння сваіх правоў, не забываючы пры гэтым аб абавязках. Гэтыя веды патрэбны кожнаму, каб умець правільна паводзіць сябе ў розных жыццёвых сітуацыях і не ўчыняць злачынстваў.
Не застаюцца абыякавымі да гэтага пытання і бібліятэкі Астравеччыны. У сельскай бібліятэцы аграгарадка Міхалішкі паспяхова рэалізуецца праект «Права для ўскіх», галоўная мэта якога – далучыць дзяцей да пытанняў прававога выхавання, даць адпаведную інфармацыю.
У гэты раз удзельнікі праекта сабраліся на базе Альхоўскай бібліятэкі, каб пагаварыць аб правапарушэннях супраць жыцця і здароўя. На сустрэчу з маладым пакаленнем прыйшоў супрацоўнік міліцыі Яўгеній Арлоўскі, які ў простай і даступнай форме патлумачыў, што правапарушэнні супраць жыцця і здароўя лічацца найбольш сур’ёзнымі ў заканадаўстве, таму за іх прадугледжана максімальная адказнасць. Супрацоўнік нагадаў узрост, з якога пачынаецца адказнасць. Пагутарылі і пра віды злачынстваў, якія падыходзяць пад гэту катэгорыю. Моладзь мела магчымасць пазнаёміцца з артыкуламі Крыминальнага кодэксу, даведацца пра наступствы кожнага злачынства. Сустрэча выклікала жывы інтарэс – слухачы задавалі пытанні, а таксама разважалі над гэтай праблемай. У выніку сустрэчы кожны не толькі ўзбагаціў прававыя веды, але і задумаўся над пытаннямі права.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.