Міжнародны аўтамарш

Из нашей почты Новости

Надоўга застануцца ў памяці маладога пакалення лідчан ўспаміны аб сустрэчы з удзельнікамі міжнароднага патрыятычнага аўтамарша «Дарогамі сібірскай славы: Краснаярск–Брэст-2021», прысвечанага 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

На працягу двух дзён госці з Расіі знаёміліся з месцамі баявой славы горада Ліды і гісторыка-культурнай спадчынай. Вучні  лідскай школы № 11 таксама мелі магчымасць пазнаёміцца з удзельнікамі экспедыцыі і прыняць удзел у адным знакавым мерапрыемстве. Нашчадкі Вялікай Перамогі, прадстаўнікі брацкіх народаў Расіі і Беларусі, аддалі даніну памяці подзвігу сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў каля Вечнага агню на цэнтральнай плошчы горада. Мітынг сабраў прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў. Асаблівым і запамінальным ён стаў для дзяцей і падлеткаў.

Тое, што аўтамарш «Дарогамі сібірскай славы» спыніўся ў Лідзе невыпадкова, мы зразумелі, калі пачулі словы адзінай жанчыны аўтамарша – Лідзіі Арцёмаўны Коршунавай, маёра авіяцыі ў запасе, кіраўніка пошукавага атрада «Памяць». Яна расказала аб тым, што мае прамыя адносіны да нашага горада: яе бацька ў 1941 годзе служыў у Лідзе і тут ён сустрэў першыя дні вайны, і імя Ліда яна атрымала невыпадкова – яе назвалі ў гонар нашага горада. Усё жыццё жанчына марыла ўбачыць горад, чыё імя носіць 60 гадоў. Лідзія Арцёмаўна падзялілася ўспамінамі свайго таты і паабяцала прывезці сваіх дзяцей і ўнукаў у наш горад.

Хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя памяць загінуўшых і ўсклалі да Вечнага агню жывыя кветкі. Фінальным акордам мітынгу стаў удзел  лідчан і расіян у разгортванні маштабнай копіі Сцяга Перамогі. Пад гукі «Дня Перамогі» палатно лунала хваляй і хвалявала сэрцы і дарослых, і дзяцей.

Хочацца адзначыць, што нягледзячы на вялікую адлегласць, якая раздзяляе Ліду і Краснаярск, нашчадкі Вялікай Перамогі і сёння разам. І гэта асабліва знакава і сімвалічна ў Год народнага адзінства.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік 8-га класа «Б».

г. Ліда, школа № 11.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *