Іван Берднік з СШ № 2 г. Капыля: шлях да поспеху і дасягненняў

Из нашей почты Новости Онлайн-проект "Школа достижений"

У нашай краіне адораныя дзеці ўсё часцей становяцца прадметам асаблівай увагі, бо іх таленты і здольнасці могуць змяніць не толькі іх жыццё, але і грамадства ў цэлым.

Адным з яскравых прыкладаў магу смела прывесці майго сябра і аднакласніка Івана Бердніка. Вучня сярэдняй школы № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага Мінскай вобласці, прэтэндэнта на залаты медаль, пераможцы розных алімпіяд і актыўнага члена Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Адзначу, што ў 2024 годзе ў намінацыі «Навучальная дзейнасць» ён адзін з вучняў, які прадстаўляў Капыльшчыну на абласным конкурсе «Вучань года».

З ранніх гадоў Іван праяўляў асаблівую цікавасць да вучобы і імкненне да ведаў. Яго вучэбныя поспехі былі заўважныя ўжо ў пачатковых класах, калі ён не толькі выдатна спраўляўся з праграмай, але і паглыблена вывучаў прадметы, якія яго асабліва цікавілі.

— Інфарматыкай захапіўся ў 3 класе, — дзеліцца ўспамінамі Іван. — У нашай школе былі арганізаваны дадатковыя заняткі па гэтым прадмеце і яны мяне вельмі ўразілі. Вядома, спачатку ўсведамлення таго, што мне гэта цікава не было. Аднак, дзякуючы індывідуальнаму падыходу настаўніка по інфарматыцы Дзяніса Міхайлавіча Ляшчэвіча я захапіўся. Яго метады выкладання і прафесійныя парады навучылі многаму.

Адным з любімых прадметаў нашага героя была і матэматыка, прыклады і задачы, якія заўсёды ён рашаў з лёгкасцю. А ўжо ў трэцім класе ўпершыню прыняў удзел у раённай алімпіядзе па інфарматыцы, не пабаяўшыся ўдзельнічаць на ўзроўні 9-10 класаў. Адмысловая цікавасць да дакладных навук прывяла яго ў профільны фізіка-матэматычны клас. Сёння навучэнец інжынернага класа паспяхова асвойвае праграму факультатыўнага курсу «У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію».

— Заняткі па спартыўным праграмаванні наведваю з восьмага класа, — дзеліцца Іван. — Менавіта яно звязана з маёй будучай прафесіяй, якой я хацеў бы прысвяціць сваё жыццё. Але для таго, каб развіваць і ўдасканальваць свае веды, імкнуся ўдзельнічаць у разнастайных алімпіядах па вучэбных прадметах. Для мяне — гэта важны і сур’ёзны этап у жыцці. Бо гэта цудоўная магчымасць сустрэцца з аднадумцамі, абмяняцца вопытам і атрымаць новыя веды.

Наш герой прымаў удзел у шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, на якіх дэманстраваў высокія вынікі. Гэтыя дасягненні сталі не толькі сведчаннем яго таленту, але і крыніцай натхнення для іншых вучняў нашай установы адукацыі. Напрыклад, па выніках другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Матэматыка» Іван удастоены Дыплома I ступені, а па вучэбным прадмеце «Інфарматыка» — Дыплома II ступені. У намінацыі «Web-сайт» узнагароджаны Дыпломам II ступені за ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці «ПАТРИОТ.by», таксама стаў пераможцам інтэрнет-праекта «Інтэлектуальны марафон па матэматыцы «Школа геніяў» і іншых.

— Намаганне і клапатлівы труд прывялі мяне ў 2024 годзе да дыплома I ступені па выніках трэццяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Інфарматыка», — працягвае суразмоўца. — Я ганаруся сваімі поспехамі і ўдзячны сваім бацькам — Інге Уладзіміраўне, Анатолю Іванавічу і сястры Любе за падтрымку. Менавіта яны дапамагаюць пераадольваць цяжкасці і настройваюць на дасягненне значных вынікаў. Сябрам, якія таксама імкнуцца да ведаў. Адзначу, што знаёмства з навукай ніяк не перашкаджае майму вольнаму часу. Я распланаваў свой распарадак дня і сёння магу займацца ўсім, што вельмі цікавіць. Напрыклад, футбол. Спорт адыгрывае важную ролю ў маім жыцці, таму без яго ніяк.

Для рэалізацыі сваіх ідэй Іван Берднік прымае актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці школы і раёна ў цэлым. Яго заўсёды можна ўбачыць на розных акцыях, мерапрыемствах, творчых праектах раённага камітэта ГА «БРСМ». Акрамя гэтага, ён з’яўляецца валанцёрам руху грамадскага аб’яднання «Добрае Сэрца» і членам Маладзёжнага атрада аховы правапарадку.

— Не хачу стаяць на месцы, — кажа Іван. — Мне падабаецца спазнаваць новае, удасканальвацца ў гэтым і рухацца далей. Ведаю, што гэта толькі маленькія шажочкі да чагосці вялікага і значнага ў маім жыцці, але аб гэтым потым.

Мэтанакіраванасць да новых вяршыняў Івана Бердніка — гэта яркі прыклад для многіх дзяцей. Яго фатаздымак не адзін каляндарны год знаходзіцца на Дошцы гонару сярэдняй школы №2 г. Капыля імя Ц. Гартнага. Яго ўпартасць і настойлівасць імкнуцца да рэалізацыі сваёй мэты натхняюць і паказваюць, што з правільнай падтрымкай і настойлівасцю можна дабіцца ўсяго, чаго толькі пажадаеш. Іван упэўнены: важна не толькі развіваць таленты, але і выкарыстоўваць іх на карысць грамадства.

Анастасія ДАВЫДЗЕНКА,

вучаніца 11-га класа «А»,

г. Капыль, школа № 2 імя Ц. Гартнага.



1 комментарий по теме “Іван Берднік з СШ № 2 г. Капыля: шлях да поспеху і дасягненняў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *