Падарыла кніга цуды

Из нашей почты Новости

Кніга – маленькае акенца, праз які бачны ўвесь свет. Яна выхоўвае, вучыць, дапамагае акунуцца ў свет фантазіі і творчасці. Асаблівае месца сярод разнастайнасці літаратуры займае дзіцячая кніга. Яна з’яўляецца першым правадніком у краіну літаратуры.

    Па традыцыі ў другой палове сакавіка ў Астравецкай раённай бібліятэцы адбываецца маштабная падзея – урачыстае адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі. Гэты асаблівы час напоўнены незвычайнымі прыгодамі, цікавымі падарожжамі і новымі ўражаннямі. У гэтым годзе Тыдзень дзіцячай кнігі праходзіць пад жыццясцвярджальным дэвізам – “З кнігай свет дабрэйшы і ярчэйшы”. Распачаўся тыдзень яркім святам, якое сабрала хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх устаноў адукацыі горада. У фае маленькіх чытачоў чакалі роставыя лялькі, якія па-сяброўску віталі кожнага госця. Займальная праграма нікога не магла пакінуць абыякавым. Усе ўдзельнікі мерапрыемства былі запрошаны на адмысловае свята – дзень нараджэння кнігі. Тут давялося сустрэцца з сапраўдным кніжным блогерам і яго памочніцай – калонкай Алісай. Зразумела, што не абышлося і без адмоўных казачных герояў – Бабы-Ягі і Кікімары. Яны, імкнучыся сапсаваць свята, пераблыталі прадметы з казак у чароўным куфэрку. Аднак дасведчаныя чытачы хутка навялі парадак і вярнулі прадметы ў адпаведныя казачныя творы.

    Паэт, Мастак і Кніга запрашалі гасцей да ўдзелу ў конкурсах і віктарынах. Спевы, танцы, квесты і займальныя гульні – усё гэта стварала прыўзняты настрой, дапамагала абстрагавацца і адчуць сябе героем любімай казкі або кнігі. Ключавым момантам мерапрыемства стала ўшанаванне самых актыўных чытачоў. Кожны з іх быў узнагароджаны не толькі дыпломам, але і гучнымі апладысментамі прысутных. Актыўныя чытачы сталі прыкладам для астатніх мэтанакіраванасці, дапытлівасці, імкнення да самаразвіцця. На працягу наступных пяці дзён у дзіцячай бібліятэцы будзе праходзіць цэлы комплекс творчых, забаўляльных і выхаваўчых мерапрыемстваў, якія яшчэ раз нагадаюць аб важнасці кнігі ў жыцці чалавека.      

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *