Ульяна Манько – гонар школы

Из нашей почты Новости

У сакавіку 2025 года прайшоў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.  Наша школа таксама не засталася ўбаку. Пераможцам, не ўпершыню, стала Манько Ульяна, вучаніца 10-га класа. Яна ужо другі год  з’яўляецца прызёрам заключнага этапа Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура».  У 9 класе была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені, у гэтым годзе — дыпломам ІІ ступені. Я пацікавілася ў дзяўчыны, у чым заключаецца сакрэт яе паспеху.

– Чаму ты выбрала менавіта беларускую мову?

– Для мяне родная мова – гэта люстра душы народа. І ў гэтым яе неацэннасць, каштоўнасць, таямнічасць, дзівоснасць. Мне заўсёды хацелася добра ведаць беларускую мову, і, здаецца, што зараз я на шляху да спраўджання сваёй мэты.

– Як ты думаеш, колькі часу трэба надаваць падрыхтоўцы да алімпіяды, каб дабіцца поспеху? Як рыхтавалася ты?

– Па-першае, гэта не навіна, што, каб паглыблена вывучаць які-небудзь прадмет, трэба яго любіць усёй душой, трэба аддавацца яму, акунацца ў яго з галавой. Кожную вольную хвіліну я стараюся прысвячаць вывучэнню беларускай мовы і літаратуры. Напрыклад, калі некуды еду, я чытаю творы беларускіх пісьменнікаў, тым самым назапашваючы чытацкі вопыт, на перапынках у школе я паўтараю фразеалогію і лексікалогію. Безумоўна, гэта штодзённая шматгадзінная праца з заданнямі, з водгукамі. Мове і літаратуры я магу прысвячаць па восем-дзесяць гадзін у дзень.

– Ці складана было табе сумяшчаць падрыхтоўку да алімпіяды з навучаннем у школе?

– Я не магу сказаць, што гэта лёгка. Але калі правільна размеркаваць час, то можна спалучаць і заняткі ў школе, і якасны адпачынак.

– Што дапамагае табе не страціць матывацыю?

– Бясспрэчна, гэта падтрымка і вера ў мяне сям’і, сяброў. Не можа не грэць сэрца, што, падтрымліваючы мяне, яны сталі сапраўднымі аматарамі беларускай мовы, нават можна сказаць, што ў хуткім часе стануць выдатнымі мовазнаўцамі. Я таксама хачу выказаць падзяку свайму настаўніку за незгасальнае імкненне перадаць мне ўсе свае веды. Яна мая апора ва ўсіх пачынаннях у вывучэнні роднай мовы. Нельга не сказаць пра каманду алімпіяднікаў Магілёўскай вобласці па беларускай мове і літаратуры. У нашым калектыве пануе даволі сяброўская атмасфера. У каманды ёсць свае традыцыі, якія перадаюцца з аднаго пакалення алімпіяднікаў у другое.

– Што аказалася самым складаным і самым цікавым?

– Я б сказала не самае цяжкае, а самае страшнае – гэта ўпершыню паспрабаваць свае сілы ў алімпіядзе, не самае  цікавае, а самае дарагое – гэта час, які я праводжу за падрыхтоўкай, час, праведзены з нашай камандай.

– Якую б параду ты магла даць тым, хто толькі пачынае удзельнічаць у алімпіядах?

– Тут я хачу выказацца словамі Уладзіміра Ліпскага: «Рызыкуй, дзейнічай – і ўсё будзе!»

Лізавета КУРЫЛЬЧЫК,

вучаніца 11-га класа,

г. Бабруйск , школа № 18.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *