Яшчэ ў мінулым годзе я вырашыла зрабіць сюрпрыз бабулі з дзядулем і прыехаць да іх у вёску. Раніцай, сабраўшы свае рэчы, адправілася на вакзал. Свяціла яснае сонца, але было трохі марозна. Мама праводзіла мяне да электрычкі і казала:
– Дачушка, можа я ўсё ж патэлефаную бабулі, хай сустрэне цябе, там жа доўга ісці, – казала мама ў чарговы раз, вельмі перажываючы за мяне.
– Ну мама, тады не атрымаецца зрабіць ім сюрпрыз. Яны ж так даўно мяне не бачылі
Калі я супакоіла маму, электрычка ўжо прыйшла і трэба было садзіцца. Уладкаваўшыся зручней, пейзажы ўжо пачалі мяняцца ў мяне за акном. Праз некаторы час, я звярнула ўвагу, як засталася зусім адна ў вагоне. Калі я пачула запіс з голасам, які прамаўляе «Беражок», гэта выклікала ў мяне буру станоўчых эмоцый. Але ўсё было не так добра. Дзверы вагона чамусьці доўгі час не адчыняліся. Па адчуваннях прайшла ўжо цэлая вечнасць, я баялася, што электрычка цяпер проста з’едзе і мне давядзецца ехаць да наступнай станцыі.
Нарэшце дзверы адчыніліся і мяне сустрэлі козы, якіх я бачу кожны раз, калі прыязджаю сюды. У мяне было адчуванне, што я трапіла зусім у іншы свет. Усё выглядала так незвычайна: дрэвы, на якіх сядзелі птушкі і спявалі свае песні; конікі дзесьці ў траве таксама выдавалі гукі; кампанія бабуль, якія ішлі на свой участак пра нешта размаўляючы. Ішла я даўжэй, чым павінна была. Але як тут можна ісці хутчэй, калі хочацца проста ісці і разглядаць? Ужо падыходзячы да нашага ўчастку, я пачала бегчы, таму што вельмі засумавала па родных.
Бабуля нешта рыхтавала, а дзядуля важдаўся ў шклярніцы. Калі яны ўбачылі мяне, то вельмі здзівіліся і ўзрадаваліся майму прыезду. І менавіта ў гэты момант я зразумела, што такое роднае месца, дзе цябе заўсёды чакаюць.
Паліна КАВАЛЬЧУК,
вучаніца 10-га класа «А»,
г. Барысаў, школа № 22.