Праязджаючы каля помніка загінуўшым воінам-вызваліцелям у цэнтры г.Ляхавічы, я ўбачыла старэнькую жанчыну, якая стаяла насупраць манумента і хрысцілася. Я здзівілася: не ў царкве ж! Як патлумачыць паводзіны бабулькі сваёй малодшай сястрычцы? Чаму важна ведаць і паважаць ваенныя пахаванні і помнікі?
Дзясяткі і сотні манументаў подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны можна сустрэць у райцэнтрах і абласных гарадах, у вёсках і ўздоўж дарог. І зусім нядаўна ў Ляхавіцкім раёне з’явілася новае памятнае месца – помнік спаленым вёскам. Знайсці яго можна ў в.Марынова. Менавіта ў гэтым месцы прайшоў першы бой на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў 1941 годзе, а ўжо 25 чэрвеня фашысты спалілі вёску.
Сродкі на помнік збіралі ўсім мірам, і атрымаўся ён шчырым і сімвалічным. Помнік уяўляе сабой тры абпаленыя пячныя коміны, якія абагульняюць вобраз усіх спаленых вёсак і хутароў Ляхавіччыны. А над імі лунае адзінокі бусел як сімвал ахвяр тых страшных падзей. Імкнецца ён уверх, да нябёсаў, нібы несучы на сваіх крылах бессмяротную памяць аб 48 спаленых населенных пунктах нашага раёна. Дарэчы, дакладную колькасць трагедый удалося ўстанавіць пракуратуры Ляхавіцкага раёна ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. У памяць аб гэтай лічбе тут высаджана алея з 48 бяроз. Яны яшчэ тоненькія пруткі, але іх нясмелая лістота даказвае перамогу жыцця над стратамі.
26 красавіка 2025 года адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны адкрыццю памятнага знака спаленым вёскам Ляхавіцкага раёна і 80-годдзю Вялікай Перамогі. Прадстаўнікі мясцовай улады і дэпутаты, члены БРСМ і ўдзельнікі ваенна-патрыятычных клубаў школ раёна ўсклалі кветкі да помніка ў знак памяці аб трагедыі роднай зямлі.
Новыя памятныя месцы падзеям Вялікай Айчыннай вайны з’яўляюцца па ўсёй Беларусі. Сучасныя даследаванні дазваляюць адкрываць новыя факты гераізму і стойкасці беларускага народа ў барацьбе з фашыстамі. І нам, школьнікам, важна гэта ведаць. На інфармацыйных гадзінах мы ўсім класам чытаем выданне “Генацыд беларускага народа”, створанае па матэрыялах расследавання Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Кніга дакладна і наглядна (бо ўтрымлівае многа фота і дакументаў ваенных часоў) расказвае аб трагедыі беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Часам немагчыма стрымаць слязу, а ў вачах аднакласнікаў відаць смутак. Новыя веды ўкараняюць у нашых сэрцах думку аб важнасці міру на роднай зямлі.
Дарога са школы праходзіць каля помніка загінуўшым у аг.Нача. Штодзень я іду міма са сваімі сябрамі і аднакласнікамі. Чамусьці ўспамінаецца тая бабуля, што хрысцілася ля помніка ў райцэнтры. Напэўна, яна стаяла перад сваёй святыняй. Яе пакаленне – гэта пасляваенныя дзеці, якія страчвалі родных і блізкіх на вайне і пасля яе. Яны адбудоўвалі нашу краіну з руінаў. Яны ведаюць цану сённяшняму мірнаму жыццю. Таму і схіліла яна галаву перад брацкай магілай.
Мы не ведаем бамбёжак і бяссонных начэй, не адчуваем галоднага трызнення і не начуем у зямлянках. Наша жыццё – гэта вынік мужнасці і стойкасці папярэдніх пакаленняў. І я ўдзячна сваім продкам за смеласць і адвагу, за самаахвярнасць і гераізм. У Дзень Перамогі я таксама схілю галаву перад помнікам у сваёй вёсцы.
Кацярына ШАСТАК,
вучаніца 8-га класа,
карэспандэнт школьнай газеты «Новы погляд»,
Ляхавіцкі раён, Начаўская школа.