Любая экскурсiя стане яшчэ больш запамiнальнай, калi ў падарожжа адправiцца разам ўся сям’я!
Для маёй сям’i стала цудоўнай традыцыяй падарожжа ў музей-сядзiбу Агінскага пад Смаргонню. Першы раз мы паехалi туды, калі мне было шэсць гадоў, але, на жаль, патрапілі падчас рэканструкцыі і змаглі ўбачыць толькі часоўню. Тады прапанавала бацькам прыехаць сюды яшчэ раз праз год, каб паглядзець, як аднаўляецца маёнтак.
Наступным летам мы зноў трымалi накiрунак ў Залессе. Было прыемна ўбачыць замест развалін цудоўна адрамантаваны будынак — сядзiбу Міхала Клеафаса Агінскага, адноўленую аранжарэю, вычышчанае возера. Але ў час экскурсіі нам распавядалі, што рэканструкцыя цалкам яшчэ не скончана. З’явілася нагода зноў прыехаць сюды.
Так заклалася наша сямейная традыцыя: кожнае лета знаходзім час наведаць утульную сядзібу ў Залессi, якая яшчэ ў часы жыцця Агінскага атрымала назву «Паўночныя Афіны», каб прагуляцца па цяністых алеях пейзажнага парку, нетаропка выпіць кубачак кавы ў летняй аранжарэі і, вядома ж, паслухаць пранікнёны Паланэз ля мінор.
Адметна, што з кожным годам тэрыторыя музея, яго прыбудовы харашэюць i удасканальваюцца, таму, калі прыязджаеш сюды кожны раз, неверагодна цікава i радасна глядзець на новый змены. Мiнулым летам мы паехалі на сядзібу разам з нашым чацвераногiм членам сям’і – сабакам Чэнам.
Вельмі люблю вяртацца ў Залессе зноў і зноў. А самае галоўнае – мы прыязджаем сюды традыцыйна ўсёй сям’ёй.
Ульяна ПОСАХ,
вучанiца 11-га класа «Б»,
г. Маладзечна, школа № 14.