Што адчувалі тыя хлопцы, якія тварам у твар сутыкнуліся з вайной і смерцю? На гэтае пытанне нельга даць канкрэтнага і адназначнага адказу. Аднак зразумела адно – ім было цяжка развітвацца з родным домам, сям’ёй, блізкімі і роднымі людзьмі. Далей маладых мужчын чакалі цяжкія выпрабаванні: штодзённа яны сустракаліся са смерцю, болем, горыччу і нястачай. Нягледзячы на гэтыя акалічнасці, салдаты працягвалі змагацца, абараняючы межы сваёй краіны.
З усімі гэтымі перепетыямі сутыкнуўся Іван Віктаравіч Буцько, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і наш зямляк. Яго няма фізічна побач, аднак дзеці, унукі і праўнукі захоўваюць памяць аб ветэране, імкнуцца перадаваць гэтую памяць наступным пакаленням.
Біблійны выраз кажа аб тым, што моц гартуецца слабасцю. З гэтым меркаваннем немагчыма не пагадзіцца. Іван Віктаравіч нарадзіўся ў лістападзе 1925 года ў шматдзетнай сям’і. Хлопец быў самым старэйшым, таму на яго плечы былі ўскладзены многія абавязкі. З дзяцінства ён быў далучаны да сялянскай працы, якой ніколі не цураўся. Калі пачалася Другая сусветная вайна, Івану было ўсяго толькі 14 гадоў. А ўжо ў ліпені 1944 года ён быў прызваны ў Чырвоную армію і прымаў актыўны ўдзел у вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У цяжккіх і напружаных баях мужчына быў двойчы паранены. Апошняе раненне было асабліва моцным і сур’ёзным. Яно давала аб сабе знаць і ў пазнейшы час.
За перыяд службы Іван Віктаравіч служыў у 45-ым запасным артылерыйскім палку, пасля – у 275 знішчальна-супертанкавым артылерыйскім палку. Дачка ветэрана, Вера, прыгадвае татавы аповеды аб Вісла-Одэрскай аперацыі, варсіраванні Віслы. Менавіта там салдат атрымаў раненне.За праяўлены гераізм і мужнасць Іван Буцько быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Пасля таго, як аправіўся ад ранення, служыў у 216 стралковым палку ручным куляметчыкам. Аднак дзесцьці праз месяц пасля пачатку службы быў зноў паранены. Тое раненне было больш сур’ёзным і нагадвала аб сабе на працягу ўсяго жыцця. Да Перамогі служыў у 80 гаўбіцкім артылерыйскім палку тэлефаністам.
– У складзе гэтага палка тата дайшоў да Эльбы, дзе ў красавіку 1945 года адбылася сустрэча войскаў. Ён ганарыўся, што прымаў удзел у такой гістарычнай падзеі. Пасля вайны тата з ваеннай справай не развітаўся і яшчэ да чэрвеня 1950 года служыў на пасадзе камандзіра аддзялення сувязі. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй», «За вызваленне Варшавы», медалём Жукава, рдэнам Айчыннай вайны і іншымі юбілейнымі медалямі і значкамі, – распавядае дачка ветэрана.
Пасля заканчэння вайны Іван Віктаравіч прымаў удзел у сустрэчах са школьнікамі, дзе апавядаў пра часы ваеннай навалы. Чытаючы літаратуру ваеннага часу, ветэран часта крытыкаваў аўтараў за тое, што яны ідэалізуюць сваіх герояў. Ён сцявярджаў, што на вайне, як і ў мірным жыцці, ёсць месца чалавечым пачуццям: страху, сумненням, горычы, расчараванню.
Дачка ветэрана зазначае, што памяць аб ім захоўваецца і сёння – імя ветэрана сёння носіць яго праўнук. Акрамя таго, яго імем названа піянерская дружына Падольскай сярэдняй школы. Памяць – гэта тая жыццядайная нітка, якая звязвае пакаленні і дапамагае цаніць мір і дабрабыт у сваёй краіне.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
Фотаздымкі з сямейнага архіва.