Песні, танцы і іншая творчасць суправаджаюць Марыю Вайцяховіч з дзяцінства. Гэта і нядзіўна, бо яе маці – Надзея Іванаўна – усё жыццё працуе ў культуры і на працягу многіх гадоў узначальвае Міхалішкаўскі сельскі клуб. Да матчынай справы далучылася і дачка.
– Ды ўсё маё дзяцінства прайшло ў нашым клубе, – усміхаючыся, расказвае Марыя. – Памятаю, прыйду са школы, урокі зраблю – і гайда да мамы на работу. Ішла туды не проста яе праведаць, а рэпеціраваць і рыхтавацца да чарговага мерапрыемства. Вядома ж, была актыўным удзельнікам усіх канцэртаў, конкурсаў, фестываляў. І не толькі я, увесь наш клас быў настолькі творчым, што без нас не абыходзілася ніводнае свята. Мы спявалі, танцавалі, ігралі ў пастаноўках і гумарыстычных шоу. Ніхто да гэтага не прымушаў – ішлі ахвотна і з задавальненнем. Удзельнічаць у культурным жыцці вёскі, выступаць на сцэне і, як сапраўдныя артысты, атрымліваць апладысменты – гэта было цікава і па душы.
Аднак нягледзячы на прыцягненне творчасці, спачатку дзяўчына пайшла па іншым прафесійным шляху: паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт беларускай мовы і літаратуры. Праўда, культурнай натуры яна наўрад ці здрадзіла – у школе дакладна спатрэбіліся б творчыя здольнасці. Ды толькі лёс вырашыў па-свойму, склаўшы абставіны так, што пасля ўніверсітэта Марыя адпрацоўвала не ў навучальнай, а ў культурнай установе – у адной з бібліятэк Гродна.
– Першым запісам у маёй працоўнай кніжцы наогул быў Астравецкі цэнтр культуры і народнай творчасці, – адзначае дзяўчына. – На летніх канікулах пастаянна дапамагала маці ў клубе, і мяне афармлялі на замену адпачынкаў. Думала паступаць у магістратуру, таму ў канцы апошняга курса сама знайшла работу ў бібліятэцы. Вось і атрымалася, што адпрацоўвала там. Асабліва падабалася займацца з дзецьмі: мы прыходзілі ў школу і арганізоўвалі сумесныя мерапрыемствы. Дарэчы, якраз спатрэбіўся вопыт работы ў маміным клубе.
Між тым лёс-жартаўнік не супакойваўся, пакуль не прывёў, ці, дакладней сказаць, вярнуў Марыю назад у Міхалішкаўскі сельскі клуб. І дабіўся свайго: з 2023 года дзяўчына працуе тут рэжысёрам. Таксама яна вядзе гурткі і прызнаецца, што найбольш падабаецца займацца з дзецьмі.
– Падчас работы ў бібліятэцы навучылася плесці з бісера, а затым – рабіць брошкі з розных матэрыялаў, – працягвае дзяўчына. – Цяпер вучу гэтаму нашых юных наведвальнікаў. Калі няўрымслівыя непаседы ціхенька сядзяць і выконваюць заданне і я бачу зацікаўленасць у іх вачах і стараннасць падчас заняткаў – гэта найлепшае сведчанне, што мая работа недарэмная. А гэта самае галоўнае!
Таксама Марыя прызналася, што першы і лепшы дарадца ў рабоце – маці. Надзея Іванаўна заўсёды застанецца для яе аўтарытэтам і прафесіяналам сваёй справы, на якога варта раўняцца. Дзяўчына вельмі ганарыцца, што працуе з маці ў творчым тандэме.
Марына ГАЎДУРОВІЧ,
г. Астравец, раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.
Фота з архіва гераіні.