Мы табою ганарымся

Из нашей почты Новости

Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Гезгалаўскім дзіцячым садзе праведзена забава «Мы табою ганарымся».

Па заведзенай традыцыі пасля ўрачыстага падняцця Дзяржаўнага сцяга выхаванцы праслухалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь (яны ўжо ведаюць пра правілы паводзін пры выкананні гімна).

Выхавальнікі паведамілі дзецям, што 3 ліпеня адзначаецца галоўнае свята ўсяго беларускага народа – Дзень Незалежнасці. Гэта дзень вызвалення сталіцы Беларусі г. Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты дзень ва ўсіх кутках Беларусі праходзяць святочныя мерапрыемствы. Жыхары выходзяць на плошчы, канцэртныя пляцоўкі, каб весела адзначыць свята, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах. А якое ж свята без народных гульняў і танцаў?

Выхаванцы прынялі ўдзел у музычна-рытмічнай гульні «Дудка-весялуха», узгадалі дзяржаўныя і прыродныя сімвалы Беларусі, іх значэнне, склалі выявы беларускага сцяга і герба (гульня «Складзі з частак»), з малюнкаў на кубах вылажылі абрысы роднай Беларусі. Дзеці з задавальненнем і цікавасцю пагулялі ў рухавую гульню «Пляценне», прадоўжылі фразу «Я люблю Беларусь, таму што…», пагулялі ў гульню з мячом «Вобласць».

Напрыканцы маленькія беларусы прынялі ўдзел у флэшмобе з султанчыкамі «Мая Беларусь».

Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць фарміраваць асновы грамадзянска-патрыятычнай культуры, гонар і павагу да дзяржаўных сімвалаў краіны, разумення іх ролі і значэння, выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы.

Галіна Вікенцьеўна ГАЎРОШ,

выхавальнік дашкольнай адукацыі,

Дзятлаўскі раён, Гезгалаўскі дзіцячы сад.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *