У Астравецкай раённай бібліятэцы ўпершыню правялі сумесную творчую сустрэчу літаратараў у фармаце анлайн Астравецкая раённая бібліятэка і Саснаборская гарадская публічная бібліятэка (Расійская Федэрацыя).
Анлайн-сустрэча «Літаратурны кластар сучаснасці» – віртуальная сустрэча паміж дзвюма краінамі, удзельнікі аматарскага аб’яднання «Астравецкай зямлі галасы» і ўдзельнікі праекта «Вершы – люстэрка душы». Калегі ў прамым эфіры змаглі пагутарыць адзін з адным, прадставіць свае творы, расказаць пра іх стварэнне, таксама задаць любыя пытанні, абмяняцца ідэямі.
Падчас віртуальнага дыялогу адбылася паэтычная размова аб Радзіме, дзяцінстве, аб прыродзе, вайне, аб Беларусі і Расіі. Цікава было пачуць вершы на рускай мове і на роднай беларускай.
Прыемным сюрпрызам стала сустрэча паэтаў-землякоў: кіраўніка літаратурнага аб’яднання Астраўца Аляксандра Іванавіча Марозава і паэткі з Расіі Веры Сяргееўны Івановай.
Мерапрыемства было накіравана на папулярызацыю кнігі і стала пляцоўкай для зносін аднадумцаў, якіх аб’ядноўвае любоў да літаратуры. Асноўнай мэтай мерапрыемства стала ўмацаванне міжрэгіянальных культурных сувязей і знаёмства з літаратурнай панарамай Расійскай Федэрацыі і Беларусі.
У прыемных зносінах час праляцеў незаўважна, але ўдзельнікі сустрэчы спадзяюцца, што такое анлайн знаёмства стане пачаткам доўгага і плённага супрацоўніцтва. Сябры дамовіліся сустрэцца зноў. Сустрэча стала значнай падзеяй для бібліятэкі, накіраванай на ўмацаванне культурнага дыялогу паміж рэгіёнамі і прасоўванне сучаснай літаратуры. Арганізатары раённай бібліятэкі выказалі надзею на далейшае супрацоўніцтва і рэалізацыю новых супольных праектаў.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.