Гэтым летам меў цудоўную магчымасць разам з маімі сябрамі з лагера «Турыст», які дзейнічае на базе Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства, здзейсніць захапляльны паход да гістарычнага аб’екта – ДОТа № 1 ротнага раёна абароны «Д» Мінскага ўмацаванага раёна.
Наш шлях пачаўся ранкам, з добрым настроем і заплечнікамі, напоўненымі самым неабходным. Ішлі праз маляўнічыя краявіды Дзяржыншчыны: лясы, палеткі, што рабіла падарожжа не толькі пазнавальным, але і вельмі эстэтычным. Калі дабраліся да самога ДОТа, нас сустрэў цішынёй і веліччу бетонны гігант – маўклівы сведка мінулых часоў. Даведаліся, што гэтая агнявая кропка была часткай лініі абароны, пабудаванай напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Кожны з нас змог зайсці ўнутр, убачыць сховішчы, амбразуры, а таксама ўявіць, як тут маглі служыць салдаты. Наш выхавальнік расказаў цікавыя гістарычныя факты і гісторыі, звязаныя з гэтым месцам. Гэта дало магчымасць глыбей адчуць важнасць захавання памяці аб тых часах. Паход завяршыўся сяброўскім пікніком. Вярталіся дадому стомленыя, але шчаслівыя, з новымі ўражаннямі і разуменнем, наколькі важна захоўваць нашу гісторыю.
Ілья ЗМАЧЫНСКІ,
вучань 8-га класа «М»,
г. Дзяржынск, гімназія.