Залаты юбілей: Хвінявіцкай школе – 50 гадоў!

Из нашей почты Новости

Як заўжды вераснёўскі дзень паклікаў дзяцей за вучнёўскія парты. У Хвінявіцкай школе сёлета 1 верасня незвычайна ўрачысты дзень. Ні многа ні мала, а 50 гадоў споўнілася нашай установе адукацыі.

1 верасня 1975 года. Гістарычны момант для дзяцей, бацькоў і ўсёй грамадскасці вёскі Хвінявічы. Першая лінейка, першая класная гадзіна ў новым будынку, дзе пахне яшчэ свежай фарбай і новай мэбляй. Тут усё здаецца незвычайным: новыя спартыўная і актавая залы; у кабінеце фізікі – прыборы; у кабінеце біялогіі – муляжы, гербарыі, схемы, карціны. Але час не стаіць на месцы. І вось мы адзначаем юбілей – 50 гадоў. Паўстагоддзя існуе наша школа, прымае кожны год навучэнцаў і адпраўляе ў дарослае жыццё выпускнікоў, якія становяцца годнымі грамадзянамі нашай краіны.

З гэтай нагоды ў школе было арганізавана свята «Любімых вокнаў незгасальнае святло». Права адкрыць свята гучаннем першага школьнага званка было дадзена першаму дырэктару школы Леаніду Міхайлавічу Сцяцко і вучаніцы 1-га класа Аляксандры Зарубінай.

На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі аддзела адукацыі Дзятлаўскага раёна Марына Яўгеньеўна Лашкоўская і Алена Іванаўна Жадзейка. Яны павіншавалі ўсіх прысутных з пяцідзесяцігоддзем і ўручылі лісты падзякі М. А. Даўгач, Л. М. Сцяцко, і І. М. Сцяцко, Т. М. Акулевіч, А. Б. Барбоўскай, Е. Г. Улога, а таксама працоўнаму калектыву ўстановы адукацыі.

Ветэран працы Еўдакія Рыгораўна Улога праз відэазварот павіншавала ўсіх са святам і пажадала плёну ў працы, дала жыццёвы наказ прысутным. Дырэктар установы Святлана Вячаславаўна Цілігузава падзякавала А. У. Садоўскаму, М. Я. Лашкоўскай, за шматгадовае супрацоўніцтва кіраўніцтву КСУП «Хвінявічы» М. А. Бубноўскаму, кіраўніцтву «Ізакам» за матэрыяльную падтрымку ў развіцці ўстановы адукацыі, старшыні сельскага савета А. А. Ядэйка.

Мы рады былі вітаць у светлай, утульнай зале ганаровых гасцей, дарагіх педагогаў, паважаных ветэранаў педагагічнай працы, навучэнцаў і іх бацькоў! Для ўсіх прысутных  падрыхтавалі канцэртную праграму, у якой прынялі ўдзел артысты ДУК «Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Многа чуллівых добрых слоў прагучала ў адрас Хвінявіцкай школы і яе работнікаў. Узгадалі і тых настаўнікаў, якія сваёй педагагічнай дзейнасцю ўпісалі ў гісторыю адукацыі залатыя радкі. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць тых, каго ўжо няма сярод жывых, а толькі памяць аб іх жывая ў сэрцах іх вучняў і калег. За гэтыя паўстагоддзя наша ўстанова прайшла доўгі шлях развіцця.

Мы ганарымся тым, што ў нас былі выдатныя дырэктары, кожны з якіх пакінуў свой след у гісторыі нашай школы. Яны не толькі кіравалі працэсамі, але і натхнялі настаўнікаў, падтрымлівалі вучняў і стваралі атмасферу, у якой кожны мог развівацца і дасягаць сваіх мэт. Словы віншавання выказала Марыя Антонаўна Даўгач, якая шмат гадоў кіравала ўстановай адукацыі.  Пад яе кіраўніцтвам школа займала лідзіруючыя пазіцыі ў раёне.

Хвінявіцкая школа выглядае сучасна і прыгожа. Яна займае адно з пачэсных месцаў сярод устаноў адукацыі Дзятлаўскага раёна. Няхай наперадзе нас чакаюць новыя здзяйсненні, поспехі і радасныя моманты. Неабходна разам будаваць будучыню, заснаваную на ведах, сяброўстве і ўзаемадапамозе.

Усе прысутныя пасля канцэрта прынялі ўдзел у закладцы алеі, якая стала сімвалам росту, адзінства і надзеі на будучыню. У Год добраўпарадкавання гэта задума стала вельмі актуальнай і важнай. Памяць будзе жыць доўга.

Таццяна Віктараўна ЖЫНКО,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры,

Дзятлаўскі раён, Хвінявіцкая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *