
Шмат цікавых уражанняў і знаёмстваў падарыў лідчанам і гасцям горада ХХХII Дзень беларускага пісьменства. Для дарослых і дзяцей было створана шэраг лакацый, дзе кожны мог знайсці сабе занятак па душы.
Вучні 9-га класса «А» лідскай школы № 11, наведваючы тэматычныя экспазіцыі пляцовак «Фестываля кнігі і прэсы» уласна пазнаёміліся з краязнаўцам, журналістам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтарам сямі кніг Галінай Антонавай.
Галіна Францішкаўна прэзентавала сваю новую кнігу «Вайна ў асобах», якая выйшла з друку ў 2025 годзе і ўяўляе сабой жывыя ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчынай вайны і іх дзяцей. Кніга ў год 80-годдзя Вялікай перамогі ў Вялікай Айчынай вайне стала значным укладам пісьменніцы ў гістарычную памяць нашай краіны. На працягу дваццаці гадоў, як адзначыла Галіна Антонава, яна сустракалася з людзьмі, запісвала іх успаміны, якія ў свой час друкаваліся на старонках смаргонскай раённай газеты «Светлы шлях», дзе яна працуе карэспандэнтам.
Гэтая сустрэча падчас Дня пісьменства ў Лідзе надоўга застанецца ў памяці вучняў як рэальная размова з пісьменнікам.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры.
г. Ліда, школа № 11.
