13 верасня дзень нараджэння адзначыў наш любімы горад Гомель. Ён адсвяткаваў сваё 883-годдзе. Свята было насычана яркімі падзеямі. Прайшлі шматлікія фестывалі, канцэртныя марафоны. У горад прыехала шмат гасцей. Многія з іх радавалі насельніцтва сваімі выступленнямі, а значную частку з іх складалі проста задаволеныя гледачы.
Стаць удзельнікамі свята давялося і нам, навучэнкам 4 «А» класа 53 сярэдняй школы горада Гомеля. Лія Деніскавец, Аляксандра Пшанічнік, Кацярына і Аліна Ветошкіны, Ульяна Сцепаненка, Марыя Лукашова і Валерыя Клімуць пад кіраўніцтвам Святланы Пятроўны Машуковай, настаўніцы музыкі, у складзе ансамбля народнай песні «Чараўнічкі» радавалі насельніцтва сваімі песнямі на роднай мове, а таксама вясёлымі танцамі.
Ансамбль народнай песні «Чараўнiчкi» быў створаны ў 2020 годзе. Удзельнікамі калектыву першапачаткова былі хлопчыкі і дзяўчынкі 1-га класа. Цяпер яны ўжо ў 7-м класе. Напрацягу гадоў у калектыў прыходзяць новыя дзеці. За час свайго існавання калектыву давялося выступаць не толькі на сцэне нашай школы, але прыняць удзел і ў шматлікіх раённых і гарадскіх мерапрыемствах: у абласным конкурсе фальклорных калектываў «Шануйце спадчыну сваю»; мы з’яўляемся дыпламантамі 2-й ступені міжнароднага конкурсу PREMMIUM ART 2021; маем дыплом пераможцаў конкурсу вакальнай творчасці «Песні дзяцінства вуснамі дарослых», «Калядныя песні вуснамі дзяцей» 2023 г.; мы дыпламанты 2 ступені раённага этапу вакальнай творчасці «Разам з песняй» 2024 г.; штогод «Чараўнiчкi» ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, такіх як Каляды, Масленіца, Купалле і інш.
Святлана Пятроўна паведаміла: «Ніводнае школьнае і пазакласнае мерапрыемства не абыходзяцца без «Чараўнічак». Дзеці з цікавасцю вывучаюць песенную традыцыю роднага краю, беларускі фальклор. У традыцыйных песнях раскрываецца гісторыя, самабытнасць і культура народа. Прымусіць палюбіць народную песню нельга, але можна пазнаёміць дзетак з ёй і прывіць зацікаўленасць з дзяцінства.
Сама вучылася ў школе № 53, у класе з музычнай накіраванасцю. Наведвала калектыў народнай песні. Уся мая сям’я вельмі любіць народную творчасць, бацька – не ведаючы ніводнай ноты, на слых мог сыграць любую песню на гармоніку. А мае бабулі і мама спявалі не толькі на ўсіх святах, але і падчас працы. Песня суправаджала мяне з самага ранняга дзяцінства. Калі надышоў час выбару прафесіі – без сумнення быў абраны каледж мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага, аддзяленне харавога дырыжыравання (народны хор). Я лічу, што песня — гэта душа народа, а прыгажосць душы – у вуснах якія спяваюць».
Быць хоць маленькай кропачкай у такім значным свяце – гэта вялікае шчасце, а бачыць шчаслівыя вочы маіх землякоў – гэта прыемна двойчы. Жадаю нашаму гораду толькі квітнець, а мы будзем старацца спрыяць гэтаму.
Лія ДЗЕНІСКАВЕЦ,
вучаніца 4-га класа «А»,
г. Гомель, школа № 53.