Тэма Бацькаўшчыны, роднага краю, бацькоўскага дому не пакідае абыякавым ніводнага чалавека. У гэтым навучальным годзе ва ўсіх установах адукацыі Рэспублікі Беларусь працягваецца рэалізацыя праграмы «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма».
У нашай навучальнай установе прайшоў занятак па праграме «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма» на тэму «Радзіма мая – Беларусь».
Настаўніца 2-га класа Марына Міхайлаўна Новікава абрала формай занятка – вусны часопіс. Такая форма занятку дазволіла лёгка, творча і ярка пашырыць веды аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, садзейнічаць развіццю пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей малодшых школьнікаў.
На занятак мы запрасілі гасцей: рэктара УА «Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут развіцця адукацыі» Міхаіла Міхайлавіча Жудро, загадчыка ДВМУ «Магілёўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет» Вольгу Аляксандраўну Палонік, метадыста ДВМУ «Магілёўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет» Жану Уладзіміраўну Лугавую.
Госці разам з навучэнцамі «падарожнічалі па старонках вуснага часопіса», разгадвалі крыжаванку, складвалі кросенс, выконвалі гімн.
Вучні яшчэ раз прагаварылі, што асноўная нацыянальная і духоўная каштоўнасць беларусаў – гэта грамадзянскае адзінства, працавітасць, міралюбнасць.
Прыемным сюрпрызам для вучняў і прысутных стаў ліст і падарункі ад вучняў з суседняй краіны Сямібалкаўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Азоўскага раёна Растоўскай вобласці, у якім яны прасілі расказаць пра нашу краіну.
Занятак стаў важным крокам у фарміраванні патрыятычнай свядомасці навучэнцаў. Праз жывыя зносіны, асабістыя прыклады і сумесныя абмеркаванні дзеці глыбей усвядомілі, што Радзіма пачынаецца з роднай хаты, сям’і, школы – з тых месцаў, дзе нас любяць, выхоўваюць і вучаць паважаць традыцыі. Беражлівыя адносіны да роднай зямлі, яе гісторыі і культуры робяць кожнага з нас часткай вялікага і моцнага народа.
Такія сустрэчы дапамагаюць выхоўваць у дзецях пачуццё адказнасці, павагі і гонару за сваю краіну. Упэўнены: менавіта з такіх заняткаў, размоў, гутарак пачынаецца шлях да ўсвядомленага грамадзянства і любові да Беларусі.
Ірына Міхайлаўна СЫРАМОЛАТАВА,
дырэктар,
Магілёўскі раён, Хонаўская школа.