«Дажынкі» прыйшлі ў аграгарадок Даўгінава Вілейскага раёна.
Цэлы дзень можна было чуць вясёлы гоман, бо да нас прыехала шмат гасцей з розных мясцін Беларусі, каб разам з намі раздзяліць радасць працаўнікоў зямлі.
Мы з маёй вялікай сям’ёй адправіліся на галоўную плошчу Даўгінава, якая ператварылася ў цэнтр свята. Там працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе кожны мог знайсці сабе штосьці цікавае. Кожная гаспадарка арганізавала свой тэматычны падворак, прадставіла лепшыя дасягненні ў сельскай гаспадарцы.
Святочны настрой надаваў беларускі народны ансамбль «Бяседа». Артысты спецыяльна прыехалі, каб павіншаваць хлебаробаў Вілейскага раёна.
Свята праходзіла ў атмасферы шумнай весялосці. Для дзяцей былі арганізаваны гульні і конкурсы, дзе яны маглі паказаць свае веды і спрыт. Для людзей сталага ўзросту гучалі народныя песні. Моладзі спадабаўся выступ кавер-групы «Fortissimo», якая сапраўды заваражыла свае музыкай!
Мы з сябрамі таксама прымалі ўдзел у правядзенні свята. Вялі продаж прадукцыі бізнэс-кампаніі «Іголачка», якая прадстаўляла ўнікальныя вырабы ручной работы. Дзяўчаты з нашымі настаўніцамі праводзілі майстар-клас па вырабе святочных бутаньерак. А яшчэ юныя ратавальнікі дэманстравалі свае навыкі, праводзячы гульні і паказваючы, як хутка апранацца ў адзенне пажарнага.
Увечары на сцэне выступілі артысты Даўгінаўскага дома культуры. Іх усім добра знаёмыя песні прывабілі гледачоў, і плошча ператварылася ў вялікую танцпляцоўку. Людзі песнямі і танцамі дзякавалі зямлі за яе дары.
Свята скончылася найпрыгажэйшым салютам, які ярка асвяціў цёмнае восеньскае неба. Гэта быў момант, калі ўсе адчулі, што «Дажынкі» — гэта не проста свята, гэта сімвал нашага адзінства.
«Дажынкі — 2025» сталі для мяне не толькі святкаваннем ураджаю, але і святам, якое аб’ядноўвае. Гэта дзень, калі мы шануем працу хлебаробаў і дзякуем зямлі за яе дары. Гэта свята, якое можна адчуць толькі сэрцам.
А ўжо ў 2026 годзе «Дажынкі» запрашаюць у аграгарадок Любань! Няхай гэта свята і надалей застаецца крыніцай натхнення і радасці для ўсіх нас.
Ганна УЛЬЯНКА,
вучаніца 10-га класа,
Вілейскі раён, Даўгінаўская школа імя У. І. Слабодчыкава.