
У Астравецкай раённай бібліятэцы адбылася ўрачыстая прэзентацыя новага літаратурнага зборніка “Нам сямнаццаць”. Мерапрыемства было арганізавана з удзелам пісьменнікаў Гродзенскага абласнога аддзялення Грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Кніга, якая ўбачыла свет, стала сапраўдным мастом паміж пакаленнямі і культурамі. У яе ўвайшлі творы як мясцовых аўтараў – удзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы”, так і іх расійскіх калег.
Сустрэчу адкрыў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзіёнчык. Ён прадставіў публіцы ўсіх удзельнікаў і задаў тон урачыстаму мерапрыемству. Праграма была падзелена на дзве часткі. У першай свае творы чыталі госці– Дзмітрый Радзіёнчык і Юлія Мельнік, а Андрэй Цітур і Сяргей Старыкаў выканалі аўтарскія песні.
Другая частка цалкам належала астравецкім аўтарам, чые творы занялі пачэснае месца ў зборніку. Завяршаў прэзентацыю кіраўнік літаратурнага аб’яднання Аляксандр Марозаў. Ён не толькі прачытаў свае вершы, але і распавёў пра задуму кнігі “Нам сямнаццаць” і цікавы працэс яе стварэння.
Словы прывітання і падзякі аўтарам выказалі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Віктараўна Баяровіч і старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Ірына Баляславаўна Шляхтун. Яны адзначылі важнасць і цікавасць працы пісьменнікаў.
Асабліва парадавала наяўнасць у чытальнай зале моладзі, якая сёння актыўна цікавіцца літаратурай. Частка тыражу зборніка ўжо накіравана ва ўсе школьныя бібліятэкі раёна, а таксама ў абласныя кнігазборы Беларусі.
Завяршылася сустрэча жывой дыскусіяй з аўтарамі і аўтограф-сесіяй, якая праходзіла ў цёплай і сяброўскай атмасферы, яшчэ раз падкрэсліўшы важнасць літаратурнай творчасці і культурнага ўзаемадзеяння.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
