
Захаваць жыццё і здароўе дзяцей – адна з галоўных задач дарослых. Менавіта таму так важна з малых гадоў вучыць падрастаючае пакаленне асноўным правілам бяспекі. Свой унёсак у гэтую важную справу зрабілі і бібліятэкі Астравеччыны, якія далучыліся да рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “За бяспеку разам”.
У Міхалішкаўскай сельскай бібліятэцы для юных чытачоў прайшоў урок бяспекі “Каб не было бяды”. Дзеці падрабязна вывучылі правілы паводзін у розных сітуацыях: у школе, дома, на вуліцы, у лесе і ля вадаёмаў. Яны абмеркавалі, наколькі небяспечнымі могуць быць гульні з агнём, а таксама чаму нельга гуляць на будаўнічых пляцоўках і пясчаных кар’ерах. У займальнай форме дзеці паўтарылі нумары тэлефонаў экстранных служб, адпрацавалі, як правільна выклікаць ратавальнікаў, і што рабіць у выпадку розных надзвычайных сітуацый. Асаблівую цікавасць выклікала знаёмства з вогнетушыцелем і правіламі яго выкарыстання.
А для выхаванцаў Мальскага дзіцячага сада супрацоўнік Мальскай сельскай бібліятэкі-клуба арганізавала бяспечнае падарожжа “Правілы бяспекі ведай і заўсёды іх выконвай!” У час сустрэчы бібліятэкар правяла з дзецьмі пазнавальную гутарку, у якой расказала пра прычыны ўзнікнення пажараў і першасныя сродкі для яго ліквідацыі. З дапамогай гульняў дзецям наглядна паказалі, да чаго можа прывесці неасцярожнае абыходжанне з агнём, растлумачылі правілы паводзін пры пажары і яшчэ раз нагадалі нумар тэлефона экстраннай службы. Замацаваць атрыманыя веды дапамаглі дыдактычныя і настольныя гульні, якія дазволілі ў лёгкай форме вывучыць прычыны пажараў і алгарытмы дзеянняў у небяспечных сітуацыях. Завяршылася мерапрыемства аглядам кніг і інфармацыйных брашур па тэме бяспекі.
Такія сустрэчы не толькі папаўняюць веды дзяцей, але і фармуюць у іх адказнасць за ўласнае жыццё і здароўе.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
