
Час ідзе, гады мінаюць, але падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў нябыт не адыходзяць. Памяць застаецца бессмяротнай.
Навучэнцы Паляцкішскай базавай школы сумесна з педагогамі Ганнай Генадзеўнай Барушка і Аленай Станіславаўнай Леўдаровіч далучыліся да абласнога патрыятычнага праекта «Чырвоная зорка Героя», які быў ініцыіраваны Гродзенскай абласной арганізацыяй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
У рамках праекта школьнікі пазнаёміліся з жыццёвым шляхам ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Сяргеевіча Даўгача, былога настаўніка Паляцкішскай школы, добраўпарадкавалі магілу, абнавілі помнік. На вясковых могілках адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці Аляксандра Сяргеевіча Даўгача, які пайшоў з жыцця ў 1999 годзе. На магіле ветэрана ўстаноўлена чырвоная зорка – сімвал памяці і гераізму.
Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня Воранаўскага раённага аддзялення партыі «Белая Русь» Алена Янаўна Ганевіч, намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Андрэй Андрэевіч Карповіч, ваенны камісар Воранаўскага раёна падпалкоўнік Аляксандр Юр’евіч Гайжэўскі, начальнік аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Валянціна Вінцэнтаўна Люленка, старшыня Пагародзенскага сельскага выканаўчага камітэта Ірына Адамаўна Гайдуль, воіны-пагранічнікі, педагогі і навучэнцы Паляцкішскай базавай школы.
Іван Францавіч ГАБІС,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Воранаўскі раён, Паляцкішская базавая школа.
