
У Астравецкай раённай бібліятэцы ў межах праекта «Свет роўных магчымасцей» адбылася цёплая і сапраўды шчырая сустрэча пад назвай «Навучы сваё сэрца дабру». Яе ўдзельнікамі сталі падлеткі з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Бібліятэкары пастараліся зрабіць гэты дзень сапраўдным святам, дзе кожны змог не толькі добра правесці час, але і навучыцца чамусьці новаму і карыснаму. Перад тым, як перайсці да самага цікавага – кулінарнага майстар-класу, – удзельнікі ўважліва выслухалі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Яны паўтарылі асноўныя правілы паводзін на кухні і даведаліся пра тое, якую важную ролю ў прадухіленні пажараў адыгрывае вогнетушыцель.
Каб натхніць маладых кулінараў, ім быў паказаны відэаролік «Салодкая выпечка хуткага прыгатавання», а таксама прадстаўлена кніжная выстава, прысвечаная кандытарскаму мастацтву, выпечцы і дызайну.
Але, вядома, самай цёплай і творчай часткай сустрэчы стала магчымасць уласнаруч прыгатаваць салодкі дэсерт. Пад кіраўніцтвам дасведчаных настаўнікаў прысутныя не толькі атрымалі карысныя веды ў галіне кулінарнага мастацтва, але і змаглі паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных кулінараў. Кожны стварыў уласны ўнікальны дэсерт, які стаў салодкім сімвалам гэтага цудоўнага дня.
Сустрэча яшчэ раз даказала, што бібліятэка – гэта не толькі святло кніг, але і прастора для цёплых сустрэч, набыцця новых навыкаў і сацыялізацыі, дзе кожны можа адчуць сябе часткай вялікай і дабрай супольнасці.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
