Лідскія школьнікі сустрэліся з паэтэсай Таццянай Мікалаеўнай Яцук

Из нашей почты Новости

Лідчына літаратурная працягвае праводзіць імпрэзы з удзелам беларускіх пісьменнікаў. Так Ліду наведала лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Таццяна Мікалаеўна Яцук. Шасцікласнікі лідскай школы № 11 таксама наведалі літаратурную гасцёўню «Выхад у свет», дзе змаглі ўласна пазнаёміцца з творчасцю паэтэсы.

Госцю прадставіў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, публіцыст Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык. На сённяшні дзень Таццяна Яцук – адна з самых пладавітых і запатрабаваных айчынных майстроў паэтычнага радка, яна з’яўляецца аўтарам 12 кніг, а таксама ўдзельнікам 50 калектыўных выданняў.

Таццяна Мікалаеўна адразу, як вопытны настаўнік, завалодала ўвагай публікі, а ў зале прысутнічалі людзі рознага ўзростуКожны слухаў яе прытаіўшы дыханне і ўважліва сачыў за кожнай думкай. Было вельмі цікава слухаць і жыццёвы аповед паэтэсы, і вершы на самыя разнастайныя тэмы

Зборніка «Прага цішыні» ўбачыў свет у гэтым годзе і быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. За гэтае выданне Таццяна Мікалаеўна атрымала Гран-пры рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Валянціна Таўлая «Шляхі, пракладзеныя ў заўтра», а ўзнагароджаванне праходзіла падчас святкавання ў Лідзе ХХХІІ Дня беларускага пісьменства.

Як паведала паэтэса, зборнік «Прага цішыні» складаецца з двух раздзелаў «Боль зямлі» і «Радзіма – прыстань сэрца». Адкрывае першы раздзел паэма «Калдычэва». Менавіта гэтую паэму аўдыторыя змагла не толькі паслухаць, але і ўбачыць на экране паэтычны відэафільм. У цэнтры ўвагі твора — трагедыя канцэнтрацыйнага лагера і яго 22 тысяч нявінных ахвяр, сярод якіх жанчыны, дзеці, сталыя людзі.

Палепшыць настрой аўдыторыі пасля невясёлай тэмы размовы дапамаглі песні, аўтарам слоў якіх з’яўляецца таксама Таццяна Яцук. Сёння яна аўтар 25 песень. Літаратурная гасцёўня набыла і музычны характар.

Сустрэча стала сапраўдным святам паэзіі як для майстроў слова, так і для юных слухачоў. Хочацца пажадаць Таццяне Мікалаеўне творчага натхнення і выхаду ў свет новых зборнікаў паэзіі.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,

класны кіраўнік 6-га класа «А»,

г. Ліда, школа № 11.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *