Беліцкая школа пяць гадоў рэалізуе праграму прафесійнай падрыхтоўкі моладзі

Из нашей почты Новости

Школьная праграма кожны год змяняецца, яна адаптуецца да жыцця, яго патрэбаў і запытаў. Уводзяцца новыя дысцыпліны, веды накіраваны на рэальныя патрабаванні, каб на выхадзе са школьнага парога вучань свядома выбраў справу па душы, дабіваўся высокіх вынікаў, стаў сапраўдным грамадзянінам, які працуе на карысць роднай краіны.

Штогод, пачынаючы з 2019/2020 навучальнага года, наша Беліцкая школа падтрымлівае палітыку дзяржавы ў галіне прафесійнай арыентацыі дзяцей, падлеткаў і рэалізуе адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Праграма дазваляе сфарміраваць гарманічную асобу ў адзінстве працоўнага, творчага, інтэлектуальнага, фізічнага, духоўнага, маральнага і псіхічнага развіцця. Яна спрыяе стварэнню ўмоў для ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння, самарэалізацыі асобы дзіцяці ў адпаведнасці са здольнасцямі, схільнасцямі, патрэбамі грамадства, рэгіёну. За пяць гадоў работы ў дадзеным накірунку ёсць свае вынікі, якімі прыемна падзяліцца. Перышымі “ластаўкамі”, якія асвоілі за час навучання ў школе прафесійны накірунак, былі вучні выпуску 2021 года па прафесіі «Малодшая сястра міласэрнасці». Разам са сваей настаўніцай Чаславай Іосіфаўнай Валюк яны наведвалі медыцынскую ўстанову, дзе ім не толькі расказвалі аб дадзенай прафесіі, але і давалі практычныя веды. І гэта крапатлівая праца паўплывала на выбар іх далейшага шляху. Прыемна назваць нашых выпускнікоў Вітко Вольгу, Карэнюк Таццяну, Жукоўскую Анжаліку, якія паступілі і закончылі вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя медыцынскія ўстановы адукацыі, таму было прынята рашэнне працягваць навучанне па гэтай прафесіі.

У 2025/2026 годзе прадоўжана арганізацыя адукацыйнага працэсу па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) па прафесіі «Рабочы зялёнага будаўніцтва» пад кіраўніцтвам Генадзія Іосіфавіча Бурбы. Першыя дасягненні таксама ёсць. У аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Год добраўпарадкавання вучні нашай школы прынялі ўдзел у аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні і азеляненні «Квітней, любімы горад» і занялі ІІ месца ў раённым этапе конкурсу.

 З мэтай стварэння ўмоў для фарміравання ў навучэнцаў працоўных навыкаў і прафесійных кампетэнцый распрацаваны план мерапрыемстваў па працоўным выхаванні навучэнцаў дзяржаўнай установы адукацыі і Камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемствам «Пескаўцы». Не буду пералічваць усе планы сумеснай работы, назаву толькі знакавыя: арганізацыя вучэбна-вытворчай практыкі, грамадска карыснай працы, вытворчых экскурсій на аграпрамысловы комплекс; удзел навучэнцаў у пасадцы і доглядзе за пладовымі і ягаднымі насаджэннямі на тэрыторыі ўстановы адукацыі і на замацаваных за ўстановай адукацыі асобных участках сельскагаспадарчай арганізацыі ў рамках акцыі «Сад надзеі»; правядзенне прафарыентацыйных мерапрыемстваў (кірмашы прафесій, дні адчыненых дзвярэй, майстар-класы) у рамках шостага школьнага дня (трэцяя субота месяца). Гэтыя і многія другія мерапрыемствы дазволяць вучням нашай школы ўжо з дзяцінства ведаць: «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся».

Кожная вёска з нецярпеннем чакае сваё маладое племя з навучальных устаноў дамоў, у родную старонку: каб гаманілі раніцай дзеці па дарозе ў школу, каб буслы кружыліся над новымі хатамі, каб вясенні спеў птушак зліваўся з дзіцячымі галасамі.

Менавіта ў час выбару сваей будучыні, калі цяперашнія адзінаццацікласнікі стаяць на скрыжаванні тысячы шляхоў, трэба памятаць: «Калі чалавек прафесіянал, якой бы прафесіяй ён не займаўся, то гэта вельмі цудоўна, бо сваю працу ён зробіць максімальна карыснай для сваёй краіны, якая квітнее год ад года.

Іна Анатольеўна ВАЙЦЕХОЎСКАЯ,

настаўнікдэфектолаг,

Лідскі раён, Беліцкая школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *