Школьнікі Ляхавіччыны паглыбіліся ў 85-гадовы летапіс сваёй школы праз успаміны былых настаўнікаў

Из нашей почты Новости

Пад такой назвай у Начаўскай школе прайшла гадзіна зносін, якая аб’яднала вучняў розных класаў.

Упершыню пазнаёміліся з гісторыяй сваёй школы. Я нават не ведала, што ўсё пачалося яшчэ ў 1940 годзе! Менавіта тады ў Начы адкрылі першую пачатковую школу – усяго ў двух пакоях. Асаблівую каштоўнасць мерапрыемства склала гісторыка-краязнаўчае напаўненне: праз летапіс, падрыхтаваны пад кіраўніцтвам педагога Святланы Мікалаеўны Бецька, і праект вучаніцы 5-га класа Сафіі Ваўчок навучэнцы пагрузіліся ў хроніку станаўлення школы – ад сціплай пачатковай да сучаснай навучальнай установы з абноўленай інфраструктурай пасля рэканструкцыі 2008 года.

Асабліва кранальнымі і патрыятычна значнымі аказаліся ўспаміны былых настаўнікаў. На старонках летапісу прачыталі аповяды Казіміры Аўгусцінаўны Апановіч і Аляксандра Іосіфавіча Кічылы. Яны расказвалі, як пасля вайны не хапала нават паперы і крэйды, настаўнікі самі выраблялі вучэбныя дапаможнікі. Гэта было цяжка. Але дзеці старанна вучыліся і дапамагалі дарослым – нават гадавалі трусоў і даглядалі вялікі агарод! Мне асабліва спадабалася, як яны апісвалі зімовы піянерскі касцёр у спартыўнай зале: лямпачку абкручвалі галінкамі елкі, і здавалася – гэта сапраўдны агонь!

А яшчэ мы здзяйснілі падарожжа па школе – і не проста гулялі, а выконвалі заданні на розных станцыях: круціліся ў гульні «Твістэр» на месцы былой спартыўнай залы, праводзілі вопыты з папяровымі чалавечкамі і паветранымі шарамі на месцы былога кабінета фізікі, гулялі ў «Мема» і нават стралялі ў мішэнь папяровымі камячкамі на месцы аружэйнага пакоя (цікава, што ён тут некалі быў!).

Цяпер разумею: наша школа – гэта не толькі класы і парты. Гэта – сотні гісторый, дабрыня настаўнікаў, шчырыя піянерскія гальштукі, першыя вопыты ў кабінеце хіміі… Рада, што вучуся менавіта тут. І хачу, каб наша школа яшчэ многа гадоў заставалася такай жа добрай, мудрай і жывой.

Кацярына ШАСТАК,

вучаніца 9-га класа,

карэспандэнт школьнай газеты «Новы погляд»,

Ляхавіцкі раён, Начаўская школа.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *