
Музей – гэта храм усеагульнай памяці. Сапраўднай знаходкай 2025 года для сяброў народнага гісторыка-краязнаўчага музея «Вытокі» Ёдкаўскай школы стаў білет на футбол 1980-га года з ХХІІ Алімпійскіх гульняў, якія праходзілі ў Маскве.
Уладальнік незвычайнага прадмета – кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні нашай школы Вітольд Вітольдавіч Паўлюкевіч (на фота злева) – чалавек пільны, неабыякавы да развіцця музейнай і краязнаўчай справы ва ўстанове адукацыі. Ён не адзін раз радаваў членаў савета музея цікавымі знаходкамі і захапляльнымі гісторыямі, звязанымі з мінулым нашай Радзімы. І ў гэты раз алімпійскі білет, паабяцаны напярэдадні сябрам музея як падарунак на 45-годдзе правядзення Алімпійскіх гульняў у Маскве, выклікаў відавочную цікавасць у дзяцей.
Хутчэй за ўсё білет не трапіў бы ў музей, каб не адно добрае захапленне ваенрука – афармленне армейскага альбома як памяць пра ваенную службу. Колькі цікавага сёння ён адкрывае! Фотаздымкі з месца службы, выразкі з газет таго часу, паштоўкі ад родных і нават… квіток з Алімпійскіх гульняў.
Атрымаў яго Вітольд Вітольдавіч вось якім чынам. У 1980-м годзе ён праходзіў тэрміновую службу ў г. Мінску ў в/ч 5448. Падчас Алімпійскіх гульняў у Маскве мінскі стадыён «Дынама» прымаў балельшчыкаў футбольных матчаў. Напярэдадні 27 ліпеня Вітольду Вітольдавічу і яго сябрам-саслужыўцам былі выдадзены білеты са скідкай 70 % (пры кошце білета 10 рублёў) з мэтай забеспячэння правапарадку ў час правядзення масавага мерапрыемства на дадзеным спартыўным аб’екце. Задача стаяла адказная – наглядаць за ходам правядзення футбольнага матча «Югаславія – Алжыр» з колькасцю балельшчыкаў да 50 тысяч. Неабходна было дапамагаць гледачам перад гульнёй хутка знайсці сваё месца, сачыць, каб на трыбунах не было даўкі і іншых недазволеных рэчаў, пра якія было напісана на адваротным баку білета на трох мовах: рускай, англійскай і французскай. Уражанні пасля матча перапаўнялі: поўныя трыбуны, атмасфера спаборніцтва і цікавая гульня.
З часоў маскоўскай Алімпіяды прайшло ўжо 45 год, але, па словах Вітольда Вітольдавіча, яна яму запомніліся на ўсё жыццё, бо падзеі такога маштабу ў Беларускай ССР ніколі не адбываліся. Нават спецыяльна быў рэканструяваны стадыён «Дынама», а чашу з Алімпійскім агнём запальваў праслаўлены барэц, беларус Аляксандр Мядзведзь, якому на той момант было 42 гады.
Члены савета музея вырашылі змясціць алімпійскі білет ў экспазіцыю «Зямля бацькоў – зямля святая». Экскурсаводы з гонарам распавядаюць пра новы экспанат наведвальнікам музея, пры гэтым абавязкова ўспамінаюць Вітольда Вітольдавіча, а таксама тое, як ён падчас службы ў арміі трапіў на Алімпійскія гульні.
Дарэчы, у рамках раённага злёту юных краязнаўцаў вучні школы прадставілі алімпійскі білет на конкурс «Знаходка года» ў намінацыі «Краязнаўчая знаходка» і занялі другое месца. А гэта азначае, што наша пошукавая дзейнасць працягваецца. З гонарам можна сказаць, што фарміраванне юнага грамадзяніна і патрыёта пачынаецца менавіта з жадання дзяцей самастойна вывучаць такія цікавыя знаходкі, як алімпійскі білет. Яны пашыраюць веды пра адметныя старонкі нашага мінулага, бліжэй знаёмяць вучняў з педагогамі ўстановы адукацыі, іх захапленнямі і жыццёвымі сцежкамі. Усё гэта дазваляе выхаваць у дзяцей каштоўнасныя адносіны да свайго народа і роднай краіны.
Таццяна Анатольеўна МАРЦЭВІЧ,
кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея «Вытокі»,
Лідскага раёна, Ёдкаўская школа.
