
Штогод напярэдадні Новага года вучні Нягневіцкай школы прымаюць удзел у акцыі «Нашы дзеці». Прыярытэтным накірункам у дзейнасці педагогаў школы сёння з’яўляецца фарміраванне ў школьнікаў актыўнай жыццёвай пазіцыі і выхаванне міласэрнасці і дабрыні.
Сабраныя вучнямі канцылярскія тавары – гэта не проста альбомы, фарбы, сшыткі, фламастары. Гэта маленькая кропелька радасці для дзетак, якія пазбаўлены мамінай пяшчоты, татавай падтрымкі і апоры. Аб гэтых дзяцях клапоціцца дзяржава, таму вучыць падрастаючае пакаленне не быць раўнадушнымі, не праходзіць міма чужой бяды – галоўная задача дарослых.
Пройдзе час, і сённяшнія школьнікі пераступяць школьны парог у дарослае жыццё. Якімі яны будуць? Што стане для іх галоўным: толькі свой дабрабыт ці яшчэ і клопат аб тых, хто побач? Удзел у акцыі «Нашы дзеці» – першы крок да чалавечнасці, праверка сябе на чалавечнасць і – у больш шырокім разуменні паняцця – на грамадзянскасць.
Вучні з вялікай адказнасцю падышлі да збору падарункаў сваім маленькім суайчыннікам у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды». Магчыма, разважаюць дзеці, альбом і фарбы адкрыюць у хлопчыку ці ў дзяўчынцы талент мастака, цікавая кніга перанясе юнага рамантыка ў свет дзівосаў. Кожны дзень спяшаюцца вучні школы ў піянерскі пакой – месца збору падарункаў, і з кожным днём іх становіцца ўсё больш і больш. Да акцыі далучаюцца цэлымі сем’ямі: мамы і таты раяць, што купіць, разам з дзецьмі прыгожа афармляюць падарункі.
Самае галоўнае, упэўнены вучні школы, – у час любімых і светлых навагодніх свят, калі ўсе мы верым, што збудуцца нашы мары, чакаем Дзеда Мароза і Снягурку, не пакінуць без увагі дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Самае галоўнае – стварыць для гэтых дзяцей цуд сваімі рукамі і ўкласці ў яго цеплыню свайго сэрца.
Таццяна Міхайловна НАГОРНАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце,
Навагрудскі раён, Нягневіцкая школа.
