
У рамках навагодняй благачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў Пескаўскай школе быў арганізаваны майстар-клас па вырабе навагодніх сувеніраў.
Да акцыі далучыліся настаўнікі, дзеці, а таксама іх мамы, якія ў фае школы пад чулым кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Алены Пятроўны Смачэк з дапамогай нажніц і клею, іголак і нітак, бусінак і бліскаўкаў ператваралі яркія лоскуты тканіны ў цудоўных чырвоных конікаў, сімвалу надыходзячага года.
Цёплая сяброўская атмасфера, сумесная праца, узаемадапамога і навагодняя тэматыка дапамаглі ўсім удзельнікам адчуць набліжэнне Калядаў. Колькі эмоцый, радасці і захаплення зведалі дзеці і дарослыя! Кожны змог раскрыць свой талент, асвоіць тэхніку вырабу навагодняга сувеніру.
Вынікі пераўзышлі ўсе чаканні! На свет з’явіліся ўнікальныя навагоднія цацкі, і кожная са сваім характарам і адметнасцю, і ў кожнай кропелька фантазіі, старання і прадчування свята. Усе ўдзельнікі мерапрыемства панеслі з сабой яркія ўражанні, сакрэты майстэрства, упэўненасць у сваіх здольнасцях і цудоўны навагодні настрой.
Прыгожыя чырвоныя конікі папоўнілі майстэрню Дзеда Мароза, куды навучэнцы, бацькі і настаўнікі прыносяць падарункі. Прыносяць цацкі і цукеркі, каб стварыць цуд для абяздоленых дзяцей, каб падзяліцца з імі душэўным цяплом, любоўю і клопатам. Вельмі скора гэтыя падарункі атрымаюць дзеці з дамоў сямейнага тыпу, сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мастоўскага раёна, цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі г.Масты, дзеці-інваліды. Цуд ствараюць тыя, хто заўсёды памятае, што побач ёсць дзеці, якім патрэбны дапамога і разуменне. Мы хочам падарыць гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам часцінку цяпла, радасці і добрага настрою.
Самае галоўнае для нас – у час любімых і светлых навагодніх свят, калі ўсе мы верым, што збудуцца нашы мары, чакаем Дзеда Мароза і Снягурачку, не пакінуць без увагі дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Самае галоўнае – стварыць для іх цуд сваімі рукамі і ўкласці ў яго цеплыню свайго сэрца.
Галіна Іосіфаўна ГАЛАВЕНКА,
рускай мовы і літаратуры,
Мастоўскі раён,
Пескаўская школа імя Героя Савецкага Саюза
Віктара Іванавіча Яронькі.
