
Напярэдадні 75-годдзя з дня нараджэння Міхася Пазнякова, беларускага пісьменніка, у філіяле «Рытанская сельская бібліятэка» прайшла літаратурная гульня «У родным краі».
Бібліятэкар пазнаёміла юных чытачоў з багатым жыццёвым і творчым шляхам паэта. Дзеці даведаліся, што Міхась Пазнякоў – не толькі таленавіты паэт і празаік, але і выдатны перакладчык, мовазнаўца, чалавек, які бязмежна любіць сваю Радзіму. Жывую цікавасць выклікаў літаратурны агляд кніжнай выставы «З любоўю да роднага краю», дзе былі прадстаўлены лепшыя творы аўтара для дзяцей.
Асаблівую атмасферу стварыў прагляд відэафільма «Слова паэта», які дазволіў прысутным пачуць голас самога майстра. Музычным упрыгожваннем сустрэчы стала песня «Спадарыня зіма», напісаная на вершы Міхася Пазнякова.
Каб паказаць сваю спрытнасць і веданне мовы, хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у вясёлым конкурсе скарагаворак і з азартам адгадвалі хітрамудрыя загадкі з кніг пісьменніка.
Мерапрыемства паказала, што творы Міхася Пазнякова вучаць дзяцей дабрыні, павазе да бацькоў і гонару за сваю краіну.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
