
Духмяны водар хлеба з асаблівай асалодай змаглі адчуць і пакаштаваць вучні 6-га класа «А» лідскай школы № 11. Чаму водар і смак быў асаблівы? Магчыма, у кагосьці ўзнікне такое пытанне, то адказ вы знойдзеце, у нашым артыкуле ці падчас наведвання Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Менавіта туды на інтэрактыўны музейны занятак «Хлеб вайны і хлеб Перамогі» завіталі шасцікласнікі. Куратар занятку Ірэна Антонаўна Клімовіч адразу зацікавіла юных наведвальнікаў «хлебнай» тэмай.
Яны пачулі пра тое, як людзі вырошчвалі хлеб раней, якія прылады працы выкарыстоўвалі нашы продкі, якія навыкі яны выкарыстоўвалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі хлеб быў на вагу золата. На працягу занятка вучні не толькі з’яўляліся слухачамі, а, безумоўна, актыўнымі ўдзельнікамі. Кожны змог пакаштаваць духмяную лустачку хлеба ў прыкуску з кавалачкам цукра. Як падзяліліся ўражаннямі дзеці, смак быў незвычайны, але прыемны.
Я, як ужо дарослы чалавек, не магла не падзяліцца з вучнямі і сваімі ўспамінамі з дзяцінства. У той момант я ўзгадала, як некалі нас частавалі бабулі, а гэта было гадоў сорак таму, скібкай хлеба, крышку змочанай у вадзе і пасыпанай зверху цукрам. Тая яшчэ была смаката!
А калі зайшла размова аб тым, як у часы Вялікай Айчынай вайны людзі, якія жылі ў партызанскіх атрадах, пяклі хлеб, то тут я ўзгадала сваю бабулю Ганну Аляксандраўну Раік, жыхарку вёскі Баравічы Лідскага раёна, і падзялілася цікавым аповедам пра яе лёс і лёс яе бацькоў у тыя гады.
Лёс сям’і склаўся трагічна. Падчас акупацыі сям’я бабулі дапамагала савецкім партызанам тым, што пякла хлеб, шыла вопратку, перадавала патрэбную інфармацыю. І за гэта 20 лістапада 1943 года ноччу да іх хаты прыйшлі партызаны Арміі Краёвай і забілі бацькоў і брата бабулі Анюты. Яе ж, 19-гадовую дзяўчыну, маці паспела схаваць пад печ, што выратавала яе ад смерці.
Безумоўна, шасцікласнікаў узрушыў і здзівіў мой аповед пра той складаны для ўсіх жыхароў Беларусі час.
Падчас занятку юныя наведвальнікі задавалі свае пытанні. Вось, што іх цікавіла: Як атрымліваецца чорны і белы хлеб? Як раней (без таймера!) даведваліся, што хлеб у печы ўжо спёкся? Чаму пра спадарожніка хлеба – соль, казалі, што яе «з’есці трэба пуд, каб спазнаць чалавека»? Дарэчы, адказ на гэтую прыказку, мяшок з пудам солі дзеці паспрабавалі падняць у рэальнай вазе. І, як сказалі некаторыя, вага сапраўды значная, бо мяшок не ўсе здолелі падняць.
А душой стаў сапраўдны бохан хлеба «Край духмяны», спечаны на лідскім хлебазаводзе.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік,
г. Ліда, школа № 11 імя Н. І. Паповай,
6-ы клас «А».
