
21 лютага ва ўсім свете адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Не засталіся ўбаку і вучні нашай гімназіі №3. У гэты дзень звычайныя калідоры ператварыліся ў сапраўдны куточак Беларусі: старшакласнікі арганізавалі тэматычны стэнд, стылізаваны пад традыцыйную беларускую хату.
Пакуль малодшыя школьнікі з цікаўнасцю заглядвалі ў гэтую імправізаваную «хату», вучні 10-х і 11-х класаў сустракалі іх зусім незвычайна. Каб стварыць атмасферу сапраўднага свята, хлопцы і дзяўчаты апранулі нацыянальныя касцюмы. Вышыванкі, саламяныя капелюшы і стужкі ў валасах – усё гэта вяртала нас у тыя часы, калі мова нашых продкаў гучала штодня.
Але самым цікавым была не знешняя аздоба, а тое, чым займаліся старшакласнікі. Яны падрыхтавалі для дзяцей сапраўдныя забавы. Навучэнцы пачатковых класаў з ахвотай удзельнічалі ў гульнях і конкурсах, якія былі цесна звязаны з беларускай мовай. Падчас гульні «Перакладзі слоўца» трэба было ўспомніць, як па-беларуску будуць «дракон» ці «молнія», а ў конкурсе «Ланцужок слоў» – хутка падабраць беларускія адпаведнікі да рускіх тэрмінаў.
Віртуозная гульня слоў і жывыя дыялогі не пакінулі абыякавымі нават настаўнікаў. Педагогі, якія зазірнулі на перапынку паглядзець на імправізаваную хату, былі ў поўным захапленні. Яны не толькі назіралі збоку, але і самі з задавальненнем падказвалі малодшым вучням значэнні забытых слоў і падтрымлівалі іх авацыямі.
«Гэта цудоўны прыклад таго, як традыцыі могуць быць сучаснымі і цікавымі, – падзялілася ўражаннямі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Георгіеўна Аўчыннікава. – Вельмі прыемна, што старшакласнікі так адказна падышлі да справы і здолелі зацікавіць дзяцей. Мова жыве, калі на ёй размаўляюць і калі яна выклікае эмоцыі».
Свята атрымалася не проста пазнавальным, але і па-сапраўднаму душэўным. Магчыма, менавіта дзякуючы такім ініцыятывам наша родная мова будзе гучаць у сэрцах вучняў яшчэ доўга.
Дар’я ВЕРТЛІБ,
вучаніца 11-га класа «А»,
г. Мінск, гімназія № 3.
