
Працягваючы знаёмства з гісторыка-культурнай спадчынай сваёй малой радзімы, вучні 6-га класа «А» лідскай школы № 11 наведалі раённы цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына».
На гэты раз у фокусе ўвагі маладога пакалення быў майстар-клас па кераміцы. Занятак, па меркаванню юных рамеснікаў, стаў для іх самым хвалюючым, бо праца з глінай выклікала як прыемныя ўражанні, так і невялікія пытанні на пачатку.
Майстар-кераміст Алена Свідэрская прапанавала навучэнцам стварыць вырабы ў хрысціянскай тэматыцы, а менавіта сімвал хрысціянства – рыбу. Спачатку невялікія парады ад настаўніка – і праца закіпела. Кожны стараўся як мог: спачатку юныя керамісты разміналі гліну, каб пазбавіць яе ад паветра, далей кожны адбіў кавалак свайго рабочага матэрыялу, а затым спецыяльнай прыладай раскачаў у плоскую загатоўку. Галоўная ўмова на працягу ўсяго занятка – гэта выконваць пэўныя правіла лепкі. Далей кожны, праклаўшы папяровае лякала, надаў форму свайму вырабу, змазаў шлікерам усе контуры. Абавязкова дэкаратыўнаму вырабу трэба было надаць прыгажосці, і гэтаму дапамагала фантазія юных керамістаў. Праз гадзіну працы атрымаліся выдатныя рыбкі.
Але гэта яшчэ не ўсё: вырабы павінны былі прайсці працэс сушкі і апальвання ў печы. Толькі праз тыдзень усе змаглі ўбачыць свае керамічныя шэдэўры.
Вось такія цікавыя і незвычайныя для сучасных дзяцей заняткі могуць наведаць усе лідчане і госці горада. У плане знаёмства з народнымі рамёствамі лідскім школьнікам пашанцавала, бо ў іх ёсць магчымасць наведваць заняткі па адраджэнні шэрагу рамёстваў: кераміцы, вышыванню, саломапляценню, выцінанцы, дрэваапрацоўцы і нават ткацтву.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік,
г. Ліда, школа № 11 імя Н. І. Паповай,
6-ы клас «А».
