
Да 130-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка-сатырыка Кандрата Крапівы ў бібліятэках Астравеччыны прайшлі мерапрыемствы.
У Астравецкай раённай бібліятэцы прайшло літаратурнае знаёмства «Таямніца неўміручасці Кандрата Крапівы». Асаблівую цікавасць выклікала абмеркаванне актуальнасці яго твораў. Удзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы, што героі баек Крапівы жывуць сярод нас і сёння, а яго трапнае слова не губляе сваёй сілы нават праз стагоддзе. Творчая частка мерапрыемства дазволіла прысутным праявіць сваю фантазію: праз малюнкі да байкі «Дыпламаваны баран» кожны змог перадаць сваё бачанне камічных вобразаў. Да сустрэчы была падрыхтавана кніжная выстава «Слова – яго зброя», дзе былі прадстаўлены не толькі знакамітыя п’есы і байкі, але і ўспаміны сучаснікаў пра пісьменніка».
«Майстар слова – Кандрат Крапіва», – пад такой назвай у філіяле «Міхалішкаўская сельская бібліятэка» прайшла літаратурная віктарына.
Пагаварылі пра асноўныя вехі біяграфіі і творчага жыцця славутага класіка беларускай літаратуры, адказвалі на пытанні віктарыны па творчасці пісьменніка, чыталі байкі.
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
