
У Астравецкай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча, якая аб’яднала паэтаў і чытачоў. Галоўнай падзеяй вечара стала прадстаўленне восьмага тома міжнароднага альманаха «Рыцары слова» – зборніка, які аб’яднаў творы сучасных аўтараў з Беларусі і Расіі.
Асаблівы гонар за гэтую падзею адчувае Астравецкі раён, бо сярод таленавітых складальнікаў альманаха – чацвёра землякоў: Аляксандр Марозаў, Людміла Маркоўская, Святлана Еўтушэнка і Людміла Кухарэвіч.
Павіншаваць удзельнікаў мерапрыемства прыйшлі старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Генадзь Паўлавіч Бычко і загадчыца сектара культуры Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Ангеліна Чэславаўна Навасельская. Аўтары з Арла, Кобрына і Гомеля, якія не змаглі прыехаць на прэзентацыю кнігі, даслалі відэаролікі, дзякуючы чаму іх творы ў аўтарскім выкананні ўбачылі і пачулі прысутныя на мерапрыемстве аматары паэзіі.
Ідэйны натхняльнік і арганізатар праекта, Аляксандр Марозаў, расказаў аб стварэнні зборніка, аб пісьменніках, якія ўвайшлі ў яго, падзяліўся сваёй творчасцю з прысутнымі і з цеплынёй прадставіў сваіх калег па пяры, якія ў сваю чаргу таксама пазнаёмілі з сваім талантам іншых.
Кульмінацыяй вечара стала выступленне ганаровай госці – Любові Сардэчнай, члена Саюза пісьменнікаў Расіі, паэта, аўтара выканаўцы. Яе выдатна складзеная аўтарская песенна-паэтычная праграма нікога не пакінула абыякавым, выклікаўшы шчыры водгук у сэрцах слухачоў.
Віншуем усіх аўтараў з выхадам новай кнігі! Жадаем невычэрпнага натхнення і новых яркіх творчых перамог!
Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,
бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.
