
На працягу стагоддзяў сувязь чалавека з зямлёй была непарыўнай, вызначаючы яго існаванне і дабрабыт. Зямля – не проста крыніца пражытка, а жывы арганізм, які патрабуе павагі і беражлівых адносін. У гэтай узаемасувязі нараджаліся унікальныя абрады і звычаі, накіраваныя на забеспячэнне ўрадлівасці, багатага ўраджаю і росквіту. Адным з такіх яркіх прыкладаў з’яўляецца Юраўскі карагод, які адзначаецца на Тураўшчыне.
Гэты старажытны абрад распавядае пра рытуалы, звязаныя з заканчэннем веснавога перыяду і пачаткам летніх работ. Каб бліжэй пазнаёміцца з ім, разам з аднакласнікамі адправіліся ў вёску Пагост, дзе сустрэліся з кіраўніком народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Міжрэчча» Ірынай Ціханаўнай Торчык.
Жанчына разказала, што сутнасць абраду заключаецца ва ўшанаванні святога Юрыя, які лічыцца заступнікам поля і ўраджаю. Перад святам вяскоўцы рыхтуюцца загадзя: наводзяць парадак, плятуць вянкі, рыхтуюць святочнае адзенне. Асаблівае месца займае выпяканне абрадавага хлеба – карагода. Цеста для яго мясіць абавязкова замужняя жанчына, а з астаткаў выпякаюць пампушкі, якімі частуюць гасцей.
Святочна апранутыя жанчыны ўпрыгожваюць карагод кветкамі, галінкамі і штучнымі ўпрыгожваннямі. Асаблівую ўвагу надаюць «ралцу» – тром галінкам, якія сімвалізуюць жаночы пачатак і дзевяць месяцаў цяжарнасці. Пасля ўпрыгожання хлеб і ралцу адпраўляюць у печ. І тут Ірына Ціханаўна прапанавала самым зрабіць ўпрыгожаныя ралцы для карагода.
«Святочнае шэсце, – прадоўжыла жанчына, – якое збіраецца вакол упрыгожанага карагода, мае сваю пэўную іерархію. Хлопец, прызначаны «ваяводам», нясе хлеб, а дзяўчаты ствараюць «царскія вароты» з ручніка. Шэсце накіроўваецца на поле, дзе адбываецца сам карагод. Падчас абраду каравай тройчы ўздымаюць да неба, а частку хлеба старэнняга ўраджаю закапваюць у зямлю з просьбай да святога Юрыя аб шчодрым ураджаі».
Працэсія накіроўваецца на поле, дзе адбываецца сам карагод. Каравай тройчы ўздымаюць да неба, фартух на граблях мяняюць з зялёнага на чырвоны, а ў зямлю закопваюць збожжа мінулага ўраджаю з просьбай да святога Юрыя даць добры ўраджай. Пасля абраду вяскоўцы вяртаюцца ў вёску, праходзячы праз «варотцы» і спяваючы песні з пажаданнямі дабрабыту гаспадарам.
Такім чынам Юраўскі карагод – гэта не толькі мастацкі спектакль, але і сімволіка нашай роднай зямлі, культурнай спадчыны і духоўных каштоўнасцей. Ён вучыць нас любіць зямлю, паважаць традыцыі і захоўваць тое, што нам перадалі нашы продкі. На падставе атрыманых звестак была зроблена спроба рэканструкцыі абраду навучэнцамі нашай школы.
Наталля СЕРГІЕВІЧ,
вучаніца 7-га класа,
Жыткавіцкі раён, Малешаўская базавая школа.
