
Напярэдадні вялікіх святаў, у Вялікую суботу, шасцікласнікі лідскай школы № 11 завіталі ў Лідскі гісторыка-мастацкі музей на музейны інтэрактыўны занятак «Ад Вербніцы да Вялікадня».
Вучні не толькі пачулі шмат цікавага і пазнавальнага пра традыцыі галоўных вясновых святаў, але і даведаліся аб асаблівасцях букетаў з вярбы ў лідскім рэгіёне, дзе па сённяшні дзень майстры складаюць букеты і па-гродзенскаму, і па-віленскаму звычаю. Пачулі адказы на пытанні: чаму менавіта на свята ўпрыгожваюць вербныя галінкі, як правільна трэба іх упрыгожыць, што трэба зрабіць з вербай мінулага года?
Убачылі прыгожыя святочныя яйкі-маляваныя, пісанкі і шкрабанкі і, безумоўна, пад аповед навуковага супрацоўніка Ірэны Антоноўны Клімовіч навучыліся распазнаваць іх.
Юныя наведвальнікі музейнага занятка прынялі актыўны ўдзел у святочных вялікодных гульнях, з зацікаўленнасцю слухалі аповед пра фарбаванне і сімвалічны чырвоны колер яек, папрактыкаваліся ў іх выбіванні і збіранні вялікоднага кошыка, стварылі сабе на памяць святочную паштоўку.
Кожны наведвальнік застаўся вельмі задаволены музейным заняткам, атрымаўшы шэраг уражанняў.
Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік,
г. Ліда, школа № 11 імя Н. І. Паповай,
6-ы клас «А».
