З усмешкай па старонках: як прайшла «Бібліяноч-2026» у Астраўцы

Из нашей почты Новости

Сёння бібліятэка – гэта не толькі чытанне, а сапраўдная тэрыторыя творчасці, пошуку, самавыяўлення і станоўчых эмоцый. Яскравым доказам гэтаму служыць штогадовая акцыя «Бібліяноч», якая сёлета атрымала назву «Усміхніцеся! Вы ў бібліятэцы!», і госці сапраўды не скупіліся на ўсмешкі.

Мноства займальных лакацый падрыхтавалі для чытачоў супрацоўнікі Астравецкай раённай бібліятэкі. Праца кіпела адразу на некалькіх пляцоўках. У музычна-паэтычнай гасцёўні «Голас струн і рыфмы» панавала асаблівая атмасфера. Тут чыталі вершы пад музыку, спявалі ў караоке. Гэта было сапраўднае свята для тых, хто ўмее чуць і слова, і ноту.

Шумна і весела было ў кніжнай кавярні «Кнігі водараў і сюжэтаў». Тут бібліятэкары частавалі гасцей не толькі духмянай гарбатай, але і салодкімі дэсертамі, прыгатаванымі паводле літаратурных твораў. Дэгустацыя прайшла з рызыкай: удзельнікам трэба было адгадаць, з якога літаратурнага твора быў узяты той ці іншы рэцэпт. Таксама на гэтай пляцоўцы правялі конкурс «Злаві блін», у якім за няправільны адказ на кулінарнае пытанне даводзілася лавіць блін патэльняй.

На лакацыі «Код сучаснага аўтара» сабраліся знаўцы сучаснай прозы і паэзіі і пазмагаліся ў займальных конкурсах. Удзельнікі з лёгкасцю ўзломвалі «коды», любімых аўтараў, адгадваючы стылі і цытаты. А сапраўдным падарункам для аматараў гумару стала тэатральная пастаноўка К. Крапівы «Каровін мужык» у выкананні гуртка «Літаратурныя пералівы». Артысты прымусілі гледачоў і смяяцца, і задумацца, нагадаўшы аб багацці роднага слова.

Галоўным выпрабаваннем для эрудытаў стаў літаратурны квэст «Чытай у цёмную», які ўключаў 5 станцый: «Кнігалюбаў», дзе трэба было адгадаць назву кнігі па яе пачатку або апісанні; «Кніжныя джунглі» з задачай адгадаць кнігу па прадмеце навобмацак; «Знайдзі лішняе», дзе патрабавалася выявіць лішнюю кнігу ў кожнай групе; «Востраў казак», які прапаноўваў аднавіць назвы казак з набору літар; і «Планета сяброў», дзе трэба было сабраць літаратурных персанажаў па групах.

Атмасфера «Бібліяночы» была па-сапраўднаму святочнай і вясёлай. Любіце кнігу і прыходзьце часцей у бібліятэку!

Вольга Мечыславаўна ЗАЯНЧКОЎСКАЯ,

бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *