
У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў паўфінал конкурсу «Жывая класіка – 2026». Удзельнікі расказалі нам аб сакрэтах падрыхтоўкі, падтрымцы блізкіх і сваіх талісманах.
У канцэртнай зале сабраліся гледачы і групы падтрымкі, праз хвіліну на сцэну выйдуць самыя юныя чытальнікі. Дзеці доўга і ўпарта рыхтаваліся і выбіралі творы, касцюмы. Пра сваю падрыхтоўку гатовы падзяліцца Грыша Іваноў — вучань 3-га класа гімназіі № 3 г. Віцебска. Аб конкурсе яму расказала настаўніца Дзіяна Аляксандраўна Купцова. Разам з ёй выбралі прысвячэнне Раісы Баравіковай маленькім партызанам Вялікай Айчыннай вайны «Памяці юнага піянера-героя Марата Казлова».
– Раскажы, чаму ты выбраў менавіта гэты верш?
– Мне спадабаўся ён тым, што ў ім расказваецца пра героя Вялікай Айчыннай вайны Марата Казлова
– Верш даволі аб’ёмны. Колькі часу спатрэбілася, каб яго вывучыць?
– Прачытаў верш вельмі шмат разоў, затым вучыў па абзацы. У абзацы па 7–8 радкоў, для мяне гэта няшмат. На ўвесь тэкст спатрэбілася 10 дзён, паўтараў яго кожны дзень.
– Ты ўпершыню прайшоў у паўфінал. Хваляваўся?
– Так, як і на ўсіх конкурсах. У мінулым годзе я заняў 2-е месца ў вобласці і не прайшоў у паўфінал, а сёлета ў мяне атрымалася. Калі расказваю вершы ў класе, я таксама хвалююся, але ў нас вісіць партрэт Пушкіна – гляджу на яго, мне так прасцей. Тут амаль не хваляваўся, глядзеў у залу на гледачоў. Мяне заўсёды падтрымліваюць настаўніца, браты і ўся мая сям’я.
– Ты ўжо выступіў. Чым хочаш заняцца зараз?
– Хачу паглядзець на ўсіх удзельнікаў. Цікава, што яны падрыхтавалі!

Сваімі ўражаннямі таксама падзяліўся Жэня Рафаловіч са школы № 2 Лунінца. Ён абраў апавяданне «Маці» Янкі Брыля. Рыхтаваўся разам з педагогамі Валерыем Уладзіміравічам Салтанавым і Інай Фёдараўнай Некрашэвіч яшчэ з канца лютага, шмат чытаў і так запомніў. Аднак гэта не ўсё:
– Трэба расставіць усюды націск, вылучыць інтанацыю, патрэніравацца. Гэта вельмі працяглы працэс, да такіх конкурсаў трэба рыхтавацца загадзя, — дзеліцца Жэня.
– Ты сам даведаўся пра гэты конкурс?
– Так, сам. Я ўдзельнічаю ўжо трэці раз. Далей за раён не праходзіў. З дзяцінства любіў чытаць і летась у Лідзе заняў 2-е месца на Дні беларускага пісьменства.
– Ці ёсць у цябе які-небудзь талісман, які дапамагае спраўляцца з хваляваннем?
– Я не хвалююся. Мяне падтрымліваюць сябры з Брэста, мая сям’я. Мама і брат прыехалі са мной. За кулісамі добразычлівая атмасфера: усе адзін аднаго падтрымліваюць, таму што мы разумеем, што нехта пройдзе далей, нехта – не. Гэта конкурс, гэта абсалютна нармальна. У мяне ёсць талісман – плюшавы мопс. Бяру яго з сабой.
Акрамя літаратуры, Жэня чытае кнігі пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, цікавіцца ваеннай тэхнікай. Хлопчык любіць маляваць і ствараць мадэлі.
Фінал конкурсу адбудзецца ў Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах.
Аліна КВЯТКОЎСКАЯ,
вучаніца 9-га класа «В»,
г. Мінск, школа № 54.
