Сярод кніжных навінак мінулага года яскрава вылучаецца адно незвычайнае выданне. Зборнік філасофскіх казак (а менавіта так іх назвалі выдаўцы) Валерыя Мусіенкі “Адчуваць цішыню”, надрукаваны ў Выдавецкім доме “Звязда”, унікальны ўжо тым, што аўтару на час яго напiсання было ўсяго дзесяць гадоў (самы малады творца ў гiсторыi выдавецтва). Вучань сталічнай гімназіі № 75 імя П. В. Масленікава пераканаўча даказаў, што цікавыя творы могуць ствараць не толькі дарослыя, вопытныя аўтары. Чытачы захапляюцца героямі Валеравых гісторый, мараць аб такіх сябрах, як добрае сланяня Фокус, якое здольна выратаваць свайго таварыша-чалавека з любой бяды.
Кожная казка прымушае задумацца над сур’ёзнымі паняццямі, спачуваць персанажам. Чытаючы аповяд пра Кактус, які сумаваў па радзіме-Афрыцы, перажываеш за яго, як за знаёмага, і радуешся, калі ён трапляе ў жаркую, але мілую сэрцу краіну. “Так што, нават калі ты кактус, ніколі не забывай аб сваёй Радзіме!” – падсумоўвае юны пісьменнік.
Перад тым, як скласціся ў зборнік, аповяды бачылі свет на старонках рэспубліканскіх газет “Вечерний Минск”, “Знамя юности”, часопісаў “Бярозка”, “Качели”.
Першы літаратурны твор Валера напісаў у дзевяць гадкоў. Настаўніца ў школе папрасіла вучняў сачыніць якое-небудзь неверагоднае апавяданне. Натхніла тады Валеру… звычайная сашчэпка, якая стала быццам жывой істотай і дапамагала людзям па гаспадарцы. Хлопчык насадзіў на яе колы машынкі, і сашчэпка ўзрадавалася, што выконвае важную працу. Аднойчы яна стала цвіком, затым – шпількай. Валера прызнаўся, што пад сваёй гераіняй меў на ўвазе людзей – кожны з нас можа рэалізаваць таленты ў розных сферах. Сам хлопчык, дарэчы, акрамя пісьменніцкага дару, мае яшчэ і мастацкі. Таму і вучыцца ў гімназіі з архітэктурна-мастацкім ухілам. Калі мы завіталі на заняткі па жывапісу, 7-ы клас “Б” пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Васільеўны Вайтэнка працаваў над стварэннем нацюрмортаў. Дзяўчаткі яшчэ штрыхавалі эскізы алоўкамі, а Валера змешваў фарбы на палітры (для аднаго толькі маленькага фрагмента браў і аранжавы, і блакітны, і ружовы колеры!), літаральна праз пару хвілін яго гарлачык на нашых вачах стаў аб’ёмным.
– Я не ведаю, кім стану, але абавязкова выберу сферу мастацтва! На мой погляд, у жыцці трэба быць і прафесіяналам у працы, і чулым, спагадлівым чалавекам, – разважае хлопец. – Люблю нацюрморты, пейзажы, раблю эскізы партрэтаў. Мая бабуля Яўгенiя Васiльеўна – была спачатку выкладчыкам мастацтва ў школе, потым вядомым мастаком па народнаму касцюму – проста шэдэўральна малюе! Яна, як і ўсе родныя, падтрымлівае мае захапленні. Маці Святлана падчас рамонта ў кватэры раілася са мной наконт колеру таго ці іншага элемента інтэр’ера – у якой гаме браць шпалеры ці фіранкі.
– Валерый увесь час знаходзіцца ў пошуку новага, складанага, што, магчыма, характэрна для рабят у больш сталым узросце, – адзначае дырэктар гімназіі № 75 імя П. В. Масленікава Васіль Генадзевіч Ананька. – Ён многа працуе над літаратурнымі творамі, і тыя публікуюцца ў розных выданнях, у тым ліку ў нашых зборніках. Кнігу “Адчуваць цішыню” мы з гонарам прэзентавалі ў гімназіі. Валерый Мусіенка – удзельнік шэрага мастацкіх выстаў, як у сценах роднай гімназіі, так і ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. У вялікай ступені яго поспехі залежаць ад родных, Валерыю пашчасціла мець клапатлівую сям’ю. Бацька Сяргей Рыгоравіч імкнецца вырасціць з сына сапраўднага мужчыну, смелага, сумленнага, адказнага за свае ўчынкі, таму знаёміць яго с жыццём ваеннаслужачых – яны частыя госці воінскіх часцей і фарміраванняў.
– У Валеры філасофскі склад розуму, ён разважлівы хлопец, старанны. А старанне і штодзённая праца заўсёды дапамогуць дасягнуць поспеху, – лічыць Таццяна Васільеўна Вайтэнка, выкладчык выяўленчага мастацтва, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры.
Вольга НАВАЖЫЛАВА.
Фота аўтара і з архіва сям’і Мусіенкаў.