У мінулым годзе мы з мамай пераехалі ў вёску Ліцвінкі, што знаходзіцца ў наваколлі Свіслацкай школы, куды я і пайшла вучыцца ў 6-ы клас. Мяне сустрэлі добразычлівыя аднакласнікі і настаўнікі.
Я выдатніца вучобы. Удзельнічаю ў інтэлектуальных гульнях, конкурсах, займаюся навуковай дзейнасцю.
Найбольш яскравыя ўражаннi засталiся пасля ўдзелу ў раённым конкурсе юных чытальнікаў “Жывая класіка”, для якога я выбрала ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”. За свае намаганнi атрымала дыплом пераможцы I ступені. Дарэчы, шмат матэрыялаў аб конкурсе і канкурсантах прачытала ў “Зорьке”.
Паўдзельнічала я і ў раённым конкурсе дэкламатараў, прысвечаным 105-годдзю з дня нараджэння Сяргея Грахоўскага і 70-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц. Узнагароджана дыпломам III ступені. За мае дасягненні вельмі ўдзячна настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Мікалаеўне Галамбеўскай.
Штогод пад кіраўніцтвам Алены Мікалаеўны ў школе праходзіць тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У час правядзення мерапрыемстваў гучаць натхнёныя радкі ў выкананні вучняў. Сэрца кранаюць узнёслыя словы пра Бацькаўшчыну і сэнс чалавечага існавання, пра каханне і гонар за гераізм беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Каця АСТРОЎСКАЯ.
Гродзенскі раён, Свіслацкая школа, 7-ы клас.