У рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню” выратавальнікі-пажарныя Воранаўскага РАНС наведалі аздараўленчы лагер “Сонейка”, які працаваў на базе Паляцкішскай сярэдняй школы. Галоўнай мэтай сустрэчы з дзецьмі і падлеткамі было навучанне правілам бяспечных паводзін.
У госці да школьнікаў воранаўскія выратавальнікі прыехалі на спецыяльным пажарным аўтамабілі, што выклікала вялікае захапленне выхаванцаў аздараўленчага лагера.
Падчас сустрэчы ў летніку дзеці мелі магчымасць прымераць экіпіроўку, надзець маску са сціснутым паветрам і стальную каску, патрымаць у руках сапраўдны пажарны ствол, падняцца ўвысь на паветранай падушцы. Кожны з выхаванцаў змог пасядзець у кабіне пажарнага аўтамабіля, разгледзець розныя прыборы спецтэхнікі.
Начальнік каравула Воранаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях старшы лейтэнант Дзмітрый Бігонь расказаў дзецям аб прычынах узнікнення пажараў, сродках пажаратушэння, правілах супрацьпажарнай бяспекі для жыхароў прыватных дамоў. Малады афіцэр прадэманстраваў работу гідраўлічнага інструмента “holmatro”. Школьнікі ўважліва слухалі. Яны пераканаліся ў тым, што кожны чалавек павінен ведаць і абавязкова выконваць правілы паводзін у небяспечных сітуацыях. Безумоўна,такое прафілактычнае мерапрыемства запомніцца дзецям надоўга.
Іван ГАБІС,
сацыяльны педагог
Паляцкішскай сярэдняй школы.