З кожным годам ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай вайны становіцца ўсё менш і менш, сыходзяць ад нас удзельнікі ваенных дзеянняў, відавочцы, якія перажылі трагічныя ваенныя дні. Таму, мы навучэнцы і педагогі Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна хочам захаваць памяць пра гэтых людзей, пра тых, хто быў з намі побач. Памяць пра іх, пра іх нялёгкі лёс сёння неабходна захаваць для таго, каб не перапынілася сувязь пакаленняў. Ні адзін чалавек не павінен быць забыты, ні адна старонка Вялікай Айчыннай вайны не павінна застацца не напісанай.
Акцыя «Адкрытка ветэрану», прымеркаваная да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысткіх захопнікаў і да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай воблаці, аб’яднала школьнікаў Паляцкішскай і Воранаўскай школ.
Напярэдадні свята вучні Паляцкішскай сярэдняй школы падрыхтавалі адкрытку. Напісалі пажаданнямі, выказалі падзяку за мірнае неба, магчымасць жыць ў мірнай краіне, працаваць, вучыцца ў свабоднай і незалежнай краіне, таксама расказалі пра сябе, свае справы, свае мары. А валанцёры Воранаўскай школы з падарункамі (дапамагла раённая арганізацыя Чырвоны Крыж) пабывалі у гасцях у ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сцяпана Аксен’евіча Жука. Бадзёры, падцягнуты, у добрым здароўі заўседы з гаспадыняй Ядвігай Аляксандраўнай сустрэлі гасцей на парозе.
Пры размове вучні даведаліся пра баявы шлях ветэрана. Разам з вясковымі хлапчукамі дапамагаў партызанам аднаго з першых атрадаў Магілёўшчыны, які дзейнічаў на роднай асіповіцкай зямлі. Потым быў прыняты ў склад партызанскага атрада імя Пархоменка. Былі і сутычкі з ворагам, і горкія страты таварышаў. Кулямётчык Жук прайшоў з дзеючай арміяй ўсю Польшчу, частку Германіі. На подступах да Берліна стрэлок быў паранены, перамогу сустрэў не на полі бою, а ў вагоне санітарнага цягніка. Старэйшы лейтэнант запасу ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг.», медалём Жукава.
Сустрэча з ветэранам была доўгай і цікавай.
Пакуль жыве наша школа – будуць жыць і традыцыі. На жаль, у нашым аграгарадку ўжо няма ветэранаў Вялікай Айчыннай. Але неабходна падтрымліваць сувязь мінулага з сучаснасцю, каб вучні адчулі: яны таксама маюць дачыненне да тых далёкіх ваенных падзей.
Святлана Уладзіміраўна Вайцяхоўская, педагог-арганізатар.
Воранаўскі раён,
Паляцкішская школа.