У жніўні вучні Паляцкішскай школы працягваюць падарожжа па ўтульных куточках малой радзімы квэстам “Скарбонка Беларусі”. Галоўная ўмова гульні – размаўляць па-беларуску. Маршрут складаецца з дзевяці прыпынкаў з заданнямі, за выкананне якіх пераможцы атрымоўваюць літары.
На прыпынку “Лінгвістычны” выхаванцы ўспомнілі вядомыя прыказкі, адгадалі мудрагелістыя загадкі і паспяшаліся далей. “Шануйце, дзеці, дружбу, гэта самае дарагое і важнае, што ёсць у чалавека”, – расшыфравалі мудры наказ Кузьмы Чорнага на тэматычным прыпынку “Літаратурны”. Цікава распавялі пра святы: Купалле, Вялікдзень.
Затое пошук назваў страў нацыянальнай кухні сапраўды выклікаў цяжкасць. Аднак цяпер усе ведаюць, што для прыгатавання смачнай верашчакі спатрэбяцца курыца, сушаныя баравікі, смятана, цыбуліна, зеляніна і мука.
З літар атрымалася слова “вандроўка”. Квэст дапамог паглыбіць веды дзяўчынак, хлопчыкаў па беларускай мове, літаратуры, краязнаўству.
Святлана Ўладзіміраўна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
педагог-арганізатар.
Воранаўскі раён, Паляцкішская школа.